НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Біскуп Андрэй Зноска наведаў парафіі Івацэвіцкага рэгіёна

Дапаможны Біскуп Падзеі ў Дыяцэзіі
Апоўдні 4 мая іерарх з Пінска наведаў вернікаў парафіі святых Пятра і Паўла ў Івацэвічах. Прымаў іерарха ксёндз Адам Страчынски СМ, святар з Польшчы, які рупліва служыць у Пінскай дыяцэзіі.

Падчас Святой Імшы малады біскуп засяродзіўся на ролі Папы Рымскага ў Касцёле і сучасным свеце, а таксама падзяліўся сваімі асабістымі ўспамінамі аб сустрэчы са спачылым нядаўна Папай Францішкам. Біскуп заахвочваў таксама аб асаблівай малітве за кардыналаў, якія неўзабаве, 7 мая, сабяруцца на канклаў.

Біскуп Андрэй прысвяціў Эўхарыстыю за вернікаў парафій у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, якія наведаў у гэты дзень, а таксама за ўсіх, хто паходзіць з маляўнічай і працавітай зямлі Івацэвіччыны.
"Знаёмства з Івацэвічскай парафіяй удалося і было вельмі цёплым!"

Біскуп Андрэй

Напрыканцы свайго візіта на Івацэвіччыну, пад вечар 4 мая біскуп Андрэй Зноска наведаў вернікаў, якія збіраюцца ў вёсцы Волька. Нягледзячы на невялікую колькасць, парафіяне рупліва сочаць за сваёй каплічкай і ўтрымліваюць яе ў выдатным стане. Іерарх з Пінска ў прамоўленым казанні падзякаваў людзям за іх адданасць Богу і Касцёлу і заахвочваў рабіць у гэтым жыцці столькі дабра, колькі змогуць, а астатняе аддаваць у Божыя рукі. "Бо гэта Божы Касцёл, і Ён не пакіне сваю аўчарню без апекі!" - падкрэсліў біскуп Андрэй.

Святую Імшу іерарх прысвяціў у інтэнцыі наведаных у гэты дзень парафій і іх пробашча, кс. Адама Страчынскага СМ, які аддае сябе службе Касцёлу не на сваёй бацькаўшчыне, а на нашай зямлі, якая ўжо стала для яго сапраўднай Радзімай.
Падчас пабыту ў Івацэвічах у нядзелю 4 мая, біскуп Андрэй Зноска не абмінуў мясцовых грэка-каталіцкіх вернікаў, якія святкавалі сваю парафіяльную ўрачыстасць Божай Маці Жыровіцкай. Вяртаючыся са Святой Імшы ў вёсцы Волька, іерарх завітаў на набажэнства да католікаў бізантыйскага абраду, звярнуўся да іх са словам заахвочання і падтрымкі, а таксама ў адказ на просьбу высокадастойнага Апостальскага Адміністратара архімандрыта Сергія Гаека МІС удзяліў усім прысутным апостальскае благаслаўленне.