НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Рэкалекцыі для супрацоўнікаў “Карытас” з усёй Беларусі адбыліся ў Пінску

Падзеі ў Дыяцэзіі Біскуп Пінскі Дапаможны Біскуп
З 2 па 4 сакавіка ў Пастаральным цэнтры Пінскай дыяцэзіі адбыліся дні духоўных вялікапостных практыкаванняў для супрацоўнікаў дабрачыннай каталіцкай місіі “Карытас” з усіх дыяцэзій Беларусі. Рэкалекцыі ўзначаліў ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў г. Бяроза, прафесар маральнай тэалогіі ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.

Дні духоўных практыкаванняў сталі нагодай не толькі для сумеснай малітвы, удзелу ў Эўхарыстыі, набажэнстве Крыжовага Шляху і Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта быў таксама добры час на тое, каб у непаўторнай атмасферы старадаўняга Пінскага кляштарнага комплексу набрацца духоўнай моцы, падзяліцца сваімі думкамі і досведам, адчуць радасць братэрскай сустрэчы.

4 сакавіка, на заканчэнне рэкалекцый, удзельнікі духоўных практыкаванняў сабраліся на святую Імшу ў Пінскім катэдральным касцёле. Літургію з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а таксама Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска. Разам з іерархамі, з нагоды літургічнага ўспаміну святога Казіміра, удзельнікі рэкалекцый памаліліся за святой памяці Кардынала Казіміра Свёнтэка і спачылага Біскупа Казіміра Велікасельца. Пасля заканчэння літургіі адбылася супольная малітва каля грабніцы першага Пінскага Біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.