НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Адбылося паседжанне Святарскай Рады Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Пінскі Дапаможны Біскуп Дакументы Юбілей дыяцэзіі
1 мая ў Дыяцэзіяльнай курыі ў Пінску адбылося паседжанне Святарскай Рады. Гэты дарадчы орган Біскупа, які складаецца з 12 душпастыраў з усіх рэгіёнаў Пінскай дыяцэзіі, мае важнае значэнне ў вырашэнні разнастайных пытанняў і выклікаў часу, перад якімі становіцца дыяцэзія ў працэсе рэалізацыі сваёй душпастырскай місіі.

На цяперашнім паседжанні Святарскай Рады былі разгледжаныя актуальныя пытанні з жыцця Касцёла. Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка пазнаёміў сабраных з ходам працэсу дзяржаўнай перарэгістрацыі парафій і дыяцэзіяльных установаў. Былі разгледжаныя пытанні далейшай рэалізацыі душпастырскіх планаў прадугледжаных у рамках Звычайнага Юбілею Паўсюднага Касцёла і ў межах святкавання стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.

Паседжанне завяршылася супольнай малітвай святароў за спачылага Папу Францішка, а таксама просьбай да Бога аб моцы дароў Духа Святога для кардыналаў, якія рыхтуюцца да абрання новага Пантыфіка.