НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Вернікі Пінскай катэдры павіншавалі біскупа Андрэя з імянінамі

Дапаможны Біскуп Падзеі ў Дыяцэзіі
Раніцай 2 снежня, а 6:55, у Пінскай катэдры адбылася ўрачыстая Раратняя Імша, падчас якой вернікі павіншавалі свайго пастыра — біскупа Андрэя — з яго імянінамі.

Святыня была напоўнена асаблівай радасцю і малітоўнай атмасферай. Дзеці і дарослыя прынеслі свае віншаванні, а біскуп Андрэй, звяртаючыся да прысутных, падзяліўся асабістымі ўспамінамі і словамі падзякі:
Сёння я дзякую Богу за тое, што 45 гадоў таму, 30 лістапада 1980 года, у дзень свята Андрэя Апостала, мае бацькі, Чэслаў і Марыя (няхай Бог падоўжыць іх зямныя дні!), прывезлі з Бярозаўкі ў заснежаны, марозны Наваградак свайго сына, якога ў той дзень на Святым Хросце ў Фарным касцёле назвалі Андрэем. Дзякую Богу за маіх хросных, ужо святой памяці, Міхала і Ядвігу Сінкевічаў, якія згадзіліся ўзяць на сябе гэта пачэснае заданне. Дзякую Богу за тагачаснага Наваградзкага пробашча, а. Войцеха Навачыка OMI, пакутніка сталінскіх лагераў, які мяне ахрысціў і далучыў да Божага народу. Дзякую Богу за дар святой каталіцкай веры!
Гэтыя словы, прамоўленыя падчас Імшы, кранулі сэрцы ўсіх прысутных. Вернікі ўдзячна прынялі сведчанне свайго пастыра, якое стала напамінам пра каштоўнасць веры і Божага благаслаўлення ў жыцці кожнага чалавека.