НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

У Пінску адзначылі 295-ю гадавіну кансэкрацыі катэдры

Падзеі ў Дыяцэзіі Біскуп Пінскі Дапаможны Біскуп
1 мая ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстасць 295-ай гадавіны кансэкрацыі касцёла.
Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім святую Эўхарыстыю цэлебраваў Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска, а таксама святары з розных парафій дыяцэзіі.

Вітаючы вернікаў з нагоды ўрачыстасці, Біскуп Антоні прыгадаў той памятны дзень 1 мая 1730 года, калі Біскуп Луцкі Стэфан Багуслаў Рупнеўскі здзейсніў кансэкрацыю цяперашняй Пінскай катэдры пасля грунтоўнай перабудовы гэтага касцёла, якая працягвалася больш за 15 гадоў.

Гамілію да сабраных на ўрачыстасці прамовіў Біскуп Андрэй Зноска, які заахвоціў вернікаў цаніць той вялікі скарб, якім ёсць намоленае стагоддзямі святое месца, дзе незлічоная колькасць людзей не перастае яднацца з Богам.

Асаблівымі госцем сёлетняй урачыстасці стаў знакаміты хор парафіі Перамянення Пана з в. Новая Мыш каля Баранавічаў. Дзякуючы высокаму вакальнаму майстэрствую харыстаў і іх шчырым малітвам-спевам, літургія адпустовай урачыстасці ў непаўторнай сакральнай атмасферы Пінскай катэдры была асабліва ўзнёслай, што было адзначана як парафіянамі, так і ўсімі гасцямі свята.

На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы біскупы ўдзялілі вернікам пастырскае благаслаўленне.