НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Біскуп Андрэй Зноска асвяціў браму святыні ў Маладзечна

Дапаможны Біскуп
У аўторак 4 сакавіка вернікі Парафіі св. Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) віталі ў сваім новапабудаваным касцёле біскупа Андрэя Зноска з Пінска. Іерарх прыбыў па запрашэнні Братоў Меншых Капуцынаў, якія маюць там сваю манаскую супольнасць, а пробашч брат Уладзіслаў Мінько з’яўляецца плямяннікам біскупа Андрэя. На пачатку набажэнства брат Андрэй Жылевіч зазначыў, што год таму ксендз Андрэй Зноска праводзіў тут велікапосныя рэкалекцыі, а цяпер прыбывае ў Маладзечна з біскупскім служэннем. Біскуп Андрэй асвяціў новую браму святыні, просячы, каб кожны, хто будзе праз яе ўваходзіць, ішоў з чыстым сэрцам праслаўляць Бога. Святую Імшу іерарх служыў разам з ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам, Маладзечанскім дэканам, і ксяндзом канонікам Антонім Казлоўскім, Смаргонскім дэканам, а таксама святарамі з Маладзечна і ваколіц. У прамоўленым казанні біскуп Андрэй засяродзіўся на постаці св. Казіміра, паказваючы на яго прыкладзе, якой велічы духа можа дасягнуць чалавек, калі будзе супрацоўнічаць з Божай ласкай.