Герб Біскупа Андрэя Зноскі

ГЕРАЛЬДЫЧНАЕ АПІСАННЕ ГЕРБА

Біскупа Андрэя Зноскі


Шчыт падзелены на тры часткі: блакітнага, пурпурнага і чырвонага колеру. У першай частцы (уверсе злева) на блакітным полі змешчаны сярэбраныя вагі. У другой частцы (уверсе справа) на пурпурным полі змешчана залатая разгорнутая кніга з чырвонымі грэчаскімі літарамі Альфа і Амега, над кнігай змешчана залатая зорка з васьмю праменямі. У трэцяй частцы (унізе) на чырвоным полі змешчана выява сярэбранай стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом.

Дэвіз “SALUS ANIMARUM SUPREMA LEX” напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі чорнага колеру, размешчанымі на лунаючую стужку залатога колеру з чырвоным адваротным бокам.

Шчыт умацаваны залатым біскупскім крыжам. Над гербам змешчаны капялюш зялёнага колеру, з бакоў звешваюцца шнуры такога ж колеру з дванаццаццю пампонамі, па шэсць з кожнага боку, змешчанымі ў парадках па 1, 2, 3.
“SALUS ANIMARUM SUPREMA LEX (ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ – ВЯРХОЎНЫ ЗАКОН)”.

Значэнне біскупскага герба


Дэвіз


Дэвізам свайго служэння біскуп Андрэй Зноска абраў словы: “SALUS ANIMARUM SUPREMA LEX (ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ – ВЯРХОЎНЫ ЗАКОН)”. Гэтыя словы зачэрпнуты з апошняга, 1752 канону дзеючага Кодэкса кананічнага права 1983 года: “(...) захоўваючы кананічную адпаведнасць і маючы на ўвазе збаўленне душаў, якое ў Касцёле заўсёды павінна быць вярхоўным законам”. Кодэкс кананічнага права з’яўляецца галоўным заканадаўчым дакументам Касцёла, павінен быць настольнай кнігай кожнага святара. Падчас навучання ў Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі біскуп Андрэй шмат разоў чуў гэты ўстойлівы выраз ад сваіх выкладчыкаў кананічнага права – спачылага ксяндза прэлата Ежы Левіньскага і арцыбіскупа мітрапаліта Юзафа Станеўскага. Словы Кодэкса з’яўляюцца парафразай вядомага выразу рымскага аратара Цыцэрона: salus populi suprema lex esto (няхай дабро народу будзе вярхоўным законам).

Ксёндз прафесар Ежы Левіньскі часта паўтараў алюмнам Семінарыі лацінскі афарызм: мaximum ius est saepe maxima iniuria – найбольш распрацаванае права часта можа зрабіцца найбольшай несправядлівасцю. Менавіта таму – казаў прафесар – побач з падрабязнымі законамі і прадпісаннямі павінен заставацца пэўны абшар свабоды рухаў, дапушчэнне выключэння з правілаў, звяртанне ўвагі на акалічнасці часу і месца. Права і закон, але адкрытыя на подых Духа.

Гэтыя словы западалі ў душу і запрашалі да задумы, рэалізаванай ва ўласных правазнаўчых пошуках. Касцёльныя законы і кананічнае права маюць свой сэнс існавання выключна ў тым, каб служыць збаўленню чалавечай душы, дзеля чаго Пан наш Езус Хрыстус прыйшоў на свет, аддаў жыццё на крыжы і ўваскрос, перамогшы смерць. Як слушна звяртае ўвагу Святы Айцец Францішак, касцёльнае права не мае сваёй мэтай ускладненне жыцця веруючага чалавека, а наадварот, павінна спрыяць яго ўпарадкаванню і выніковасці на шляху да збаўлення душы.

Сімвалы ў гербе


У першай частцы шчыта, на полі блакітнага колеру, якое сімвалізуе Божую ласку, вернасць, чысціню неба, змешчана выява сярэбраных вагаў. З даўніх часоў вагі з’яўляюцца сімвалам справядлівасці і правасуддзя. Жыццё біскупа Андрэя на працягу 18 гадоў было звязана з юрыспрудэнцыяй і судовай дзейнасцю. Ужо будучы святаром, прайшоў дзённае навучанне на Юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэту, потым вучыўся на Факультэце кананічнага права Універсітэта Кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Шмат гадоў працаваў суддзёй у Касцёльным судзе, даваў таксама кансультацыі па юрыдычных пытаннях. Вагі на блакітным полі нагадваюць аб тым, што зямная справядлівасць павінна заўсёды мець на ўвазе Божую міласэрнасць, якую нясе струмень нябеснай ласкі, а справядлівасць без міласэрнасці зробіцца судзілішчам.

У другой частцы шчыта, на полі пурпурнага колеру, якое азначае пераможную моц, веліч і магутнасць, змешчана выява залатой кнігі Святога Пісання, над якой ззяе залатая ж васьміпраменная зорка Марыі – Зоркі Ранішняй, якая абвяшчае прыйсце Хрыста – Сонца, якое не знае заходу. Божае Слова, абвешчанае Святым Духам натхнёным аўтарам і запісанае ў Бібліі, змяшчае ў сабе ўсё, што неабходна для збаўлення, усю паўнату Божага Аб’яўлення, гэта сімвалічна азначаюць першая і апошняя літары грэчаскага алфавіта – Альфа і Амега, надрукаваныя на разгорнутай кнізе. Прапаведаванне Божага Слова з’яўляецца адным з галоўных абавязкаў біскупа, але прапаведаванне можа зрабіцца безвыніковым, калі не будзе заснавана на жыцці Божым Словам, якое трэба разважаць у глыбіні свайго сэрца – так, як гэта рабіла Святая Багародзіца Марыя.

У падставе шчыта, на чырвоным полі, якое азначае адвагу, мужнасць, кроў, пралітую ў барацьбе, змешчана выява сярэбранай стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Гэта старадаўні шляхецкі герб “Касцеша”, які з паловы XVI стагоддзя ўжывае род Зноскаў. Спачатку продкі біскупа Андрэя валодалі радавым маёнткам Зноскі каля Гальшанаў, потым, у 1665 годзе перасяліліся ў маёнтак Радзюны каля Ашмянаў, а з 1783 года жылі ў Вільні. У 1853 годзе прапрадзед біскупа Андрэя Юрый Станіслаў Зноска набыў маёнтак Залескаўшчына каля Трабаў, у якім пасяліўся і дзе нарадзіўся Чэслаў – тата біскупа. Біскуп Андрэй з’яўляецца трэцім святаром у родзе Зноскаў, першым быў ксёндз Вінцэнты (1789-1852), канонік Брэсцкі і Віленскі, другім быў ксёндз Андрэй (1823-1895), пахаваны ў Вільні на Россе. Цікава, што ў XVIII стагоддзі сям’я Зноскаў параднілася з рускімі дваранамі Бароўскімі, і з іх паходзіў Мітрафан Зноска-Бароўскі (1909-2002), праваслаўны архіепіскап Бостанскі. Размяшчэнне родавай сімволікі ў падставе біскупскага гербу азначае памяць пра свае карані і ўдзячнасць за перададзены продкамі скарб каталіцкай веры і шляхецкай велікадушнасці.