Юбілей 2025

У Пінску адбылася Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі і пілігрымаў

Падзеі ў Дыяцэзіі Юбілей дыяцэзіі
9 мая ў другой палове дня моладзь з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, а таксама аматары майскай пілігрымкі да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай сабраліся ў Пінскай катэдральнай базыліцы на супольную малітву.

Сустрэча распачалася з духоўнай канферэнцыі, падчас якой удзельнікі разам са святарамі разважалі над значэннем хрысціянскай цноты надзеі. Канферэнцыя была звязаная з тэмай бягучага юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле: “Пілігрымы надзеі”. Духоўныя разважанні сталі добрым уступам для Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў непаўторнай атмасферы Пінскай катэдры.

Кульмінацыйным момантам сустрэчы моладзі і пілігрымаў стала святая Імша, якую ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. З гаміліяй да сабраных вернікаў звярнуўся Біскуп Андрэй Зноска. Ён заахвоціў моладзь і пілігрымаў дзяліцца энтузіязмам сваё веры з кожнай асобай, якую Бог паставіць на іх жыццёвым шляху. Падчас літургіі таксама была ўзнесеная малітва да Бога аб неабходных дарах Духа Святога для кардыналаў сабраных у Рыме на канклаў і абранне новага Папы.