Юбілей 2025

Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў Пінскай катэдры

2025-08-16 17:02 Юбілей дыяцэзіі Біскуп Пінскі Падзеі ў Дыяцэзіі
15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі тытулярны адпуст ужо шмат стагоддзяў адзначае Пінская катэдральная парафія.

Сёлетняя ўрачыстасць была асабліва адметнай з некалькіх нагодаў. Па-першае, у сувязі са святкаваннем Юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле Пінская катэдральная базыліка была надзелена ласкай юбілейнай адпустовай святыні. Па-другое, у 2025 годзе прыпадае стагоддзе з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі. Менавіта сто год таму касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску быў узнесены да годнасці катэдральнай святыні – маці ўсіх касцёлаў мясцовай дыяцэзіі.

Святую Імшу з нагоды тытулярнай урачыстасці ў пінскай катэдральнай базыліцы ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да вернікаў, пастыр Пінскай дыяцэзіі заахвоціў усіх сабраных цаніць дар касцёла, магчымасць частага прыняцця святых сакрамэнтаў, а таксама сёлетнюю ласку штодзённага атрымання адпусту з нагоды Юбілейнага года.

На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы Біскуп Пінскі запрасіў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў шматлікіх юбілейных мерапрыемствах, якія праходзяць у Пінскай дыяцэзіі. Адно з іх адбудзецца 16 жніўня а 12.00 у парафіі Перамянення Пана ў в. Новая Мыш каля Баранавічаў, дзе шматлікія сабраныя вернікі будуць дзякаваць Богу за 200 гадоў з даты пасвячэння знакамітага мясцовага касцёла.