Юбілей 2025

У Гарадцы адбылася кансэкрацыя касцёла

Падзеі ў Дыяцэзіі Юбілей дыяцэзіі Біскуп Пінскі Дапаможны Біскуп
24 мая ў мястэчку Гарадзец каля Кобрына адбылася ўрачыстасць кансэкрацыі новай парафіяльнай святыні. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім цэлебраваў Эўхарыстыю Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска, а таксама святары з суседніх парафій Пінскай дыяцэзіі.

Біскуп Антоні, вітаючы ўсіх вернікаў сабраных на ўрачыстасці, заўважыў, што пасвячэнне касцёла ў Гарадцы з’яўляецца адной са знакавых падзей для Пінскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае стагоддзе з даты заснавання. Кансэкрацыя касцёлаў у розных рэгіёнах дыяцэзіі менавіта ў 2025 годзе захвае асаблівую памяць пра бягучы Юбілей у наступных пакаленнях вернікаў.

Гамілію да сабраных прамовіў Дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Іерарх запрасіў вернікаў паглядзець на Езуса Хрыста, які сам акрэсліў сябе як Добрага Пастыра, які з бязмежнай міласэрнасцю шкадуе і ратуе сваіх авечак. Таму гарадзецкі касцёл кансэкраваны пад тытулам Хрыста – Добрага Пастыра будзе нагадваць усім, хто пераступіць парог гэтай святыні, пра вялікую любоў Бога і Яго прагненне прывесці да збаўлення кожнага чалавека.

Абрад кансэкрацыі касцёла традыцыйна складаўся з заклікаў літаніі да ўсіх святых, малітвы пасвячэння, памазання сцен касцёла святымі алеямі і запальвання адмысловых сімвалічных свечак на знак асаблівай Божай прысутнасці ў храме, які праз акт кансэкрацыі аддадзены на выключнае служэнне Яго хвале і ратаванню людскіх душ.

На заканчэнне святой Імшы Біскуп Антоні падзякаваў усім, хто прычыніўся да адраджэння парафіі ў Гарадцы і адбудовы касцёла. Асаблівыя словы ўдзячнасці пастыр дыяцэзіі скіраваў да пробашча – ксяндза Чэслава Ёйка FDP і мясцовых вернікаў, якія рупліва клапоцяцца пра сваю святыню. Таксама іерарх нагадаў, што Паўсюдны Касцёл адзначае Юбілейны год, а Пінская дыяцэзія – стагоддзе з даты заснавання. Таму гэты год напоўнены шматлікімі знакавымі і адпустовымі набажэнствамі і сустрэчамі. Біскуп Пінскі заахвоціў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў наступных юбілейных мерапрыемствах, сярод якіх плануецца чарговае пасвячэнне (рэкансэкрацыя) касцёла ў дыяцэзіі – у мястэчку Бездзеж каля Драгічына 6 жніўня а 12.00.