Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Катэхетычным каледжы
ў Баранавічах адбылося аплатковае спатканне

13 снежня ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбылося перадкаляднае аплатковае спатканне студэнтаў і выкладчыкаў гэтай установы.

Паводле шматгадовай традыцыі ў апошнія дні заняткаў перад урачыстасцю Божага Нараджэння ў Катэхетычным каледжы ладзіцца адмысловая святочная сустрэча ўсёй супольнасці гэтай тэалагічнай установы. Удзел у спатканні бяруць не толькі студэнты, выкладчыкі і працаўнікі, але таксама былыя студэнты і сябры каледжа.
Аплатковая сустрэча распачалася святой Імшой у капліцы установы. Літургію ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да ўсіх сабраных на супольную малітву, іерарх звярнуў увагу на важнасць глыбокага духоўнага перажывання перыяду Адвэнта. Таксама біскуп запрасіў супольнасць каледжа па магчымасці ўзяць удзел ва ўрачыстым закрыцці Юбілейнага года, якое адбудзецца 28 снежня ў Пінскай катэдральнай базыліцы.
Пасля святой Імшы студэнты і выкладчыкі каледжа сабраліся ў актавай зале установы, дзе навучэнцы 2 курса выступілі з адмысловай каляднай сцэнкай, якая ў дыдактычна-забаўляльнай форме нагадала пра значэнне таямніцы Божага Нараджэння ў жыцці кожнага чалавека.
Вельмі хвалюючым момантам сустрэчы стала спатканне пры вігілійнай вячэры, якая, згодна са старадаўнім хрысціянскім звычаем, распачалася з чытання фрагмента святога Евангелля пра Нараджэннне Хрыста і супольнай малітвы. Біскуп Антоні Дзям’янка здзейсніў асвячэнне аплаткаў і склаў усёй супольнасці каледжа святочныя пажаданні. Таксама студэнты і госці вечарыны мелі магчымасць падзяліцца аплаткай з біскупам, выкладчыкамі і навучэнцамі установы, выказаць адно аднаму цёплыя словы падзякі, калядных віншаванняў і пажаданняў.
Сустрэча завяршылася супольным пачастункам і спецыяльнай праграмай з традыцыйнымі каляднікамі, у ролі якіх выступілі студэнты першага курса.