Трошкі гісторыіГісторыя распачалася ў Аўстрыі ў 1986 годзе, калі супрацоўнікі мясцовай радыёкампаніі “ÖRF” захацелі адудзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі “Святло ў цемры”, падзяліўшыся з імі крыху іншым святлом – святлом з Бэтлеема.
Спачатку гэтая ініцыятыва не планавалася штогадовай, але пасля знайшла водгук у сэрцах людзей і цяпер з’яўляецца міжнароднай каляднай традыцыяй.
У 1989 годзе скаўцкі рух упершыню прымае актыўны ўдзел у акцыі па распаўсюджванні Бэтлеемскага агню. І, калі спачатку гэта былі толькі скаўты з Аўстрыі, то з цягам часу ініцыятыва пашырылася і на іншыя краіны.
Дык адкуль бярэцца Бэтлеемскі агонь?Бэтлеемскі агонь запальваецца дзіцём або падлеткам
ад адной з 15 нязгасных лампад, якія месцяцца непасрэдна ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Пасля гэтага святло спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль і распаўсюджваецца ў розныя краіны свету.
Цікава, што ў Аўстрыі актыўны ўдзел у распаўсюджванні Бэтлеемскага святла прымаюць таксама Аўстрыйскія чыгункі і таму на буйных станцыях ёсць адмысловыя месцы, дзе можна забраць з сабой Бэтлеемскі агонь.
У гэтым годзеУ 2025, не зважаючы на ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе, удалося запаліць Бэтлеемскае святло супакою. У пачатку лістапада гэта зрабіў 11-гадовы хлапец Джэрыс Фадзі Хіер, які паходзіць з сям’і хрысціянаў у Бэтлееме.
А ўжо ў Аўстрыі 13-гадовы Флорыян Міттэр з Фордервайсэнбах прыняў гэтае святло міру і адначасова служэнне ў якасці “Дзіця святла міру” (ням. Friedenslichtkind).
19 лістапада 2025 года Флорыян перадаў Бэтлеемскі агонь для Папы Льва XIV пасля Генеральнай аўдыенцыі ў Ватыкане (
vaticannews.va). І, такім чынам, Леў XIV стаў чацвёртым Папам, які прыняў Святло з Бэтлеема, пасля Яна Паўла ІІ, Бенедыкта XVI і Францішка.
А ў Беларусі?У 1998 годзе Бэтлеемскі агонь быў першы раз афіцыйна дастаўлены ў Беларусь. Сюды ён трапляе ад польскіх скаўтаў, якія бяруць яго непасрэда ў Вене падчас вялікай міжнароднай скаўцкай імпрэзы.
У Беларусі асноўную ролю ў разпаўсюджванні Бэтлеемскага агню сярод каталіцкіх парафій і ўстановаў адыгрываюць каталіцкія скаўткі і скаўты, якія робяць гэта з 2008 года. Сёлета да гэтага спрычыняцца скаўцкія адзінкі з Віцебска, Гродна, Жодзіна, Івянца, Мінска і Полацка.
18 снежня Бэтлеемскі агонь будзе ўрачыста ўнесены ў гродзенскую катэдру (17:00), на наступны дзень – у мінскую архікатэдру (18:30), у суботу святло будзе дастаўлена ў катэдру Віцебска (17:30), а ў нядзелю, 21 снежня, у катэдру Пінска (11:15).
Бэтлеемскі агонь у гэтым годзе плануецца ўнесці ў больш за 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій (спасылка на расклад - у канцы артыкула).
У гэтай даволі адказнай місіі атулім малітоўнай падтрымкай нашых скаўтаў і скаўтак, каб Бэтлеемскае Святло міру прыбыло ў Беларусь і не толькі дасягнула кожнай запланаванай кропкі на мапе, але і асвятліла нашыя сэрцы!
P.s. Ад імя Каталіцкіх скаўтаў асаблівую падзяку хочам скіраваць да памежных службаў Беларусі і Польшчы за магчымасць сустрэць Бэтлеемскае святло міру на нейтральнай тэрыторыі паміж краінамі.
Тэкст і мапа: Андрэй Рамашка
Фота: Уладыслаў Пруцік / catholic-scouts.by