Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Пінску адбылася дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў

У Пастаральным цэнтры Пінскай дыяцэзіі 29-30 снежня адбылася фармацыйная сустрэча міністрантаў, якія прыбылі на спатканне з розных парафій ад Брэста да Гомеля.
Сёлетнюю калядную сустрэчу для ўдзельнікаў літургічнай службы алтара правёў ксёндз Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі. З дапамогай лекцый і наглядных прыкладаў святара маладыя людзі мелі магчымасць спачатку тэарэтычна пазнаёміцца з асаблівасцямі цэлебрацыі ўрачыстай літургіі з біскупам, а пасля практычна ўдзельнічалі ў цэлебрацыі святой Імшы і з Біскупам Андрэем Зноскам, і з Біскупам Антоніем Дзям’янкам.
Юнакі мелі таксама магчымасць разам памаліцца, паслухаць духоўную канферэнцыю, даследаваць вялікую спадчыну Пінскага катэдральнага касцёла і комплекса былой духоўнай семінарыі, дзе цяпер размяшчаецца душпастырскі цэнтр дыяцэзіі. 
Акрамя насычаных літургічных заняткаў і практыкі, звязанай з пазнаваннем розных аспектаў служэння міністранта, маладыя людзі з уласцівым ім энтузіязмам веры добра па спартыўнаму адпачылі, падзяліліся традыцыйным калядным аплаткам са святарамі і праславілі Нованароджанага Хрыста.