Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Баранавічах адбылося каляднае спатканне моладзі Пінскай дыяцэзіі

3 студзеня моладзь з розных парафій Пінскай дыяцэзіі сабралася на каляднае спатканне ў касцёле святога Зыгмунта ў Баранавічах. Маладыя людзі сабраліся, каб разам святкаваць Нараджэнне Езуса Хрыста, падзяліцца традацыйным аплаткам, паспяваць калядкі, радасна праславіць Бога.

Сустрэчу ўзначалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Біскуп Андрэй Зноска. Падчас спаткання з моладдзю іерарх зазначыў, што ведае асабіста многіх з гэтых маладых людзей, бо сустракаўся з імі падчас наведвання парафій. "Гэта вельмі па-хрысціянску - наладжваць сувязі і будаваць масты паміж сабой. Святы Павел пісаў лісты да Карынцянаў і Рымлянаў, і тым самым аб’ядноўваў іх, а мы прыбылі сюды з Пінска і Дарава, з Гомеля і Брэста, з дзясяткаў раскіданых па бясконцым Палессі супольнасцяў, каб убачыць адны ў другіх у вачах і сэрцах такую самую любоў да Бога!" – сярод іншага казаў біскуп да сабраных юнакоў і дзяўчат.

Падчас Святой Імшы, якую ўпрыгожваў сваім спевам музычны гурт "Шлях" з Баранавічаў, групе вернікаў быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. У прамоўленым казанні біскуп Андрэй растлумачыў прысутным значэнне кожнага з дароў Святога Духа і папярэдзіў, што "гэтыя дары не прыходзяць спектакулярна, нібыта якоесці шоў, а адкрываюцца нам у розных жыццёвых сітуацыях як вынік малітвы і пошукаў у той прасторы, якую мы ствараем, слухаючы Божы голас у цішыні свайго сэрца".

Напрыканцы набажэнства біскуп Андрэй і ўсе вернікі выйшлі на падворак, да касцёльнай брамы, каб асвяціць новы прыгожы крыж, усталяваны ў гонар заканчэння Юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле і 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Пасля набажэнства адбылася забаўляльная калядная праграма для моладзі падрыхтаваная групай аніматараў пад апекай ксяндза Аляксандра Канановіча.