Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Белаазёрску адбылося пасвячэнне касцёла

24 студзеня ў Белаазёрску адбылося ўрачыстае пасвячэнне парафіяльнага касцёла Маці Божай Ружанцовай. Літургію ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На пачатку святой Імшы пастыра Пінскай дыяцэзіі прывіталі мясцовыя вернікі на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Станіславам Вашкевічам SAC.

Звяртаючыся да сабраных парафіянаў і гасцей урачыстасці, Біскуп Антоні ўзгадаў гісторыю Касцёла ў гэтым рэгіёне. Іерарх асабліва адзначыў уклад у развіццё парафіі ксяндза Анджэя Марца SAC, які на працягу многіх гадоў служыў мясцовым вернікам і будаваў разам з імі духоўную сям’ю.

Парафіяльны касцёл у Белаазёрску быў пабудаваны ў 2015-2016 гг. Яго пасвячэнне было адмыслова прымеркавана да 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якое сёлета будзе адзначацца на працягу ўсяго бягучага года.