Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У вігілію пахавання ў Пінскай катэдры адбылася Імша за спачылага Біскупа Велікасельца

11 лютага ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша ў вігілію пахавання святой памяці Біскупа Казіміра Велікасельца. Перад пачаткам Эўхарыстыі Пінскі Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска ўзначаліў жалобныя Нешпары, падчас якіх сабраныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і мясцовыя парафіяне памаліліся пры труне спачылага Біскупа Казіміра.

А 18.30 у катэдральнай святыні распачалася святая Імша ў вігілію пахавання Біскупа Велікасельца, якую ўзначаліў Пінскі Біскуп Антоні Дзям’янка. Разам з іх святую Эўхарыстыю цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Біскуп Андрэй Зноска, святары прыбылыя з розных рэгіёнаў Беларусі.

На пачатку літургіі Біскуп Антоні заахвоціў святароў да цэлебрацыі Найсвяцейшай Ахвяры ў інтэнцыі спачылага іерарха, а кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў – да прыняцця Святой Камуніі ў яго інтэнцыі. Гамілію да сабраных скіраваў Біскуп Андрэй Зноска. Параўноўваючы жыццёвых шлях чалавека з вандраваннем па розных шляхах, дапаможны пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на тое, што раней ці пазней усе людзі выходзяць на той адзін адзіны шлях, які вядзе ў вечнасць, на сустрэчу з Міласэрным Богам. Іерарх узгадаў сведчанне руплівага хрысціянскага і святарскага жыцця Біскупа Казіміра, які стаў сапраўдным узорам служэння для цэлых пакаленняў вернікаў.

Літургію завяршыла супольная малітва аб заступніцтве Маці Божай і Міласэрнасці Пана для душы святой памяці спачылага Біскупа Велікасельца.

Пасля набажэнства канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка абвясціў вернікам, што 12 лютага ад 8.00 будзе працягвацца малітоўнае чуванне ў Пінскай катэдры пры труне Біскупа Казіміра, кульмінацыяй якога стане набажэнства жалобнай Ютрані а 11.00 і Пахавальная святая Імша а 11.30.