12 лютага ў Пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пахавальная літургія па біскупу Казіміру Велікасельцу.
А 11.30 распачался святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, Старшыня канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. У літургіі таксама ўдзельнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, біскупы з розных дыяцэзій нашай краіны, а таксама шматлікія святары і вернікі рыма-каталіцкага і грэка-кататліцкага абрадаў.
На пачатку Эўхарыстыі канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка зачытаў вернікам Ліст са спачуваннямі ад Папы Льва XIV, перададзены кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Апостальскай Сталіцы. У скіраваным лісце, Пантыфік між іншым заўважыў, што Біскуп Казімір клапаціўся пра вернікаў у розных супольнасцях, займаўся будаўніцтвам касцёлаў, а як Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, вёў верных да збаўлення, натхняючыся сваім біскупскім дэвізам “Fiat voluntas tua” (“Няхай станецца воля Твая”).
Гамілію да сабраных біскупаў, святароў і шматлікіх вернікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, прамовіў Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх звярнуў увагу на гераічную руплівасць Біскупа Казіміра, які да апошняй хвіліны свайго жыцця нёс душпастырскае служэнне, быў верны пакліканню і адданы справе збаўлення душ як пастыр паводле Сэрца Езуса.
На заканчэнне Эўхарыстыі са словамі спачуванняў звярнуліся да сабраных прадстаўнікі духавенства і кансэкраваных асобаў, а таксама свецкіх вернікаў. Першым выступіў Апостальскі Нунцый Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, які ў словах спачування заўважыў вялікія пастырскія цноты спачылага іерарха – руплівасць, вернасць, малітоўнасць. Ад імя кіраўніцтва мясцовых дзяржаўных уладаў спачувальнае пасланне абвясціў прысутным у касцёле намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама Мікалай Віктаравіч Новак. Мітрапаліт Юзаф Станеўскі на заканчэнне літургіі звярнуў увагу на шматлікія спачувальныя лісты, якія на яго імя, а таксама на імя Біскупа Антонія Дзям’янкі былі скіраваныя і ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Беларусі, і ад прадстаўнікоў іншых канфесій, а таксама ад шматлікіх касцёльных іерархаў і манаскіх супольнасцей.
Пасля заканчэння літургіі Абрады апошняга развітання ўзначаліў Дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
З Пінска труна з целам Біскупа Велікасельца была перавезена, згодна з завяшчаннем спачылага, у яго родную парафію ў в. Шэрашава (Пружанскі р-н). Абрад пахавання цела ў магіле каля мясцовага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.