Гамілію да сабраных вернікаў прамовіў Біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх звярнуў увагу на тое, што спачылы Біскуп Казімір застаецца ў памяці шматлікіх людзей перадусім як чалавек малітвы. Усё яго жыццё было прасякнута няспыннай малітвай. Ён вучыўся гэтаму ад сваіх бацькоў з самага маленства, трываючы ў веры і дапамагаючы ім у цяжкай працы ў калгасе і пры хатняй гаспадарцы. Яго асаблівая малітоўная харызма ўмацоўвалася пазней разам са святарскім пакліканнем пры санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці ў Вільні, а затым - у разнастайных месцах пастырскага служэння. Усюды ён ішоў з малітвай на вуснах і з бязмежным даверам да апекі Багародзіцы ў Яе цудоўных выявах: Вастрабрамскай, Баранавіцкай, Брэсцкай, Лагішынскай, Гомельскай.