Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Вялікі Чацвер святары Пінскай дыяцэзіі аднавілі сваю прысягу

Вялікі Чацвер у традыцыі Касцёла – гэта дзень успаміну ўстанаўлення Езусам Хрыстом двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і Святарства (Пасвячэння). У сувязі з гэтым штогод раніцай у Вялікі Чацвер у Пінскай катэдральнай базыліцы цэлебруецца святая Імша Хрызма, падчас якой адбываецца некалькі важных абрадаў. Біскуп цэлебруе гэтую літургію разам са святарамі сабранымі з усёй дыяцэзіі. У часе літургіі асвячаюцца алеі хрызма, якія служаць на працягу года да цэлебрацыі сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і іншых. Таксама асвячаюцца алеі хворых, якія выкарыстоўваюцца ў сакрамэнце намашчэння хворых.

Асаблівым момантам літургіі з’яўляецца штогадовае аднаўленне святарскіх абяцанняў, якія былі складзеныя кожнай духоўнай асобай пры прыняцце сакрамэнту пасвячэння (святарства). Гэта абяцанні жыцця ў паслухмянасці біскупу і цэлібаце.

У сувязі з памяткай устанаўлення сакрамэнту пасвячэння, вернікі ў Вялікі Чацвер віншуюць святароў з іх “прафесійным святам” і выказваюць словы падзякі за іх пастырскае і сакрамэнтальнае служэнне. А сабраныя ў катэдральным касцёле вернікі асаблівым чынам складаюць віншаванні біскупу.

Таксама сёлета падчас цэлебрацыі святой Імшы Хрызма ў катэдральным касцёле ў Пінску ў Вялікі Чацвер вернікі разам са святарамі выказалі словы падзякі і віншаванняў Біскупу Антонію Дзям’янка за яго шматгадовае ахвярнае пастырскае служэнне.