Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў Пасхальную літургію ў Пінску

Пасля захаду сонца 4 красавіка ў Вялікую Суботу ў Пінскай катэдральнай базыліцы распачалася Літургія Пасхальнай Вігіліі, якую ўзначаліў Біскуп Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічалі святары, якія служаць у парафіях горада Пінска, а таксама шматлікія вернікі.

Традыцыйна літургія распачалася з асвячэння пасхальнага агню і запальвання свечак. Першай біскуп запаліў асвячаным агнём вялікую свечку - Пасхал – сімвал Уваскрослага Хрыста. Ад яго са спевам “Хрыстус Уваскрос!” вернікі запалілі свае свечкі, пры якіх пазней адбыўся абрад аднаўлення абяцанняў, дадзеных Богу кожным вернікам падчас прыняцця сакрамэнту хросту.

Працягам літургіі Вялікай пасхальнай ночы стала ўжо 5 красавіка ранішняя Рэзурэкцыйная працэсія вакол комплекса катэдральнага касцёла, якая сімвалізуе абвяшчэнне вернікамі Хрыстовай Пасхі ўсяму свету.

Святкаванне Пасхі як аднаго вялікага ўрачыстага дня Уваскрасення Езуса Хрыста адбываецца на працягу васьмі дзён. Гэтая святочная велікодная актава ў бягучым годзе адзначаецца з 5 па 12 красавіка і завяршаецца традыцыйна святам Божай Міласэрнасці. Пасхальны літургічны перыяд трывае 50 дзён і заканчваецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога (сёлета – 24 мая).