Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Завяршылася пілігрымка «Паўлінскім шляхам»: 53 вернікі з Пінскай дыяцэзіі прайшлі слядамі Ордэна св. Паўла Першага Пустэльніка праз пяць краін

Пасля сямі дзён дарогі, малітвы і духоўных адкрыццяў вярнулася з пілігрымкавага падарожжа «Паўлінскім шляхам» група вернікаў з Пінскай дыяцэзіі. У пілігрымцы, якая праходзіла з 20 па 26 красавіка, удзельнічалі 53 чалавекі разам з арганізатарамі – айцом Ануфрыем Альховікам OSPPE і Таццянай Яфіменка.

Маршрут пралягаў праз 5 краін Еўропы (Польшчу, Чэхію, Венгрыю, Аўстрыю, Славакію) і аб’яднаў 10 гарадоў, дзе гісторыя хрысціянства цесна пераплецена з пустэльніцкай духоўнасцю Паўлінаў. Адметна, што гэта была першая паўлінская пілігрымка з Беларусі ў гэтыя краіны. Галоўнай мэтай пілігрымкі было знаёмства з духоўнай і матэрыяльнай спадчынай Ордэна Паўлінаў, які паўстаў у 1250 г. у наддунайскай пушчы.

Штодзённая малітва і багацце сустрэч

Кожны дзень пілігрымаў пачынаўся святой Імшой, а кожны горад адкрываў перад імі свае святыні – старажытныя кляштары, базілікі і месцы асаблівай Божай ласкі.

🇵🇱 Чэнстахова (Польшча)

Першы крокі пілігрымы зрабілі ў духоўнай сталіцы Польшчы на Яснай Гары. Тут пілігрымы маліліся на св. Імшы перад цудадзейнай іконай Маці Божай Чэнстахоўскай. Святая Імша стала духоўным стартам на ўвесь шлях. Казанне прамовіў кс. Яўген Вінтоў. Беларускія вернікі пазнаёміліся з гісторыяй галоўнага кляштара Паўлінаў і разам маліліся на вячэрнім Апелі Яснагорскім.

Чэнстахова (Польшча)

🇭🇺 Эстэргом і Будапешт (Венгрыя)

Пераехаўшы праз тэрыторыю Славакіі, група спынілася ў старажытным Эстэргоме – калысцы венгерскага хрысціянства і дзяржаўнасці. Тут пілігрымы наведалі велічную базіліку св. Адальберта, якая з'яўляецца «Caput, Mater et Magistra Ecclesiarum Hungariae» - Галавой, Маці і Настаўніцай касцёлаў Венгрыі. У скарбцы храма захоўваецца каранацыйны крыж венгерскіх манархаў. Тут у 1000 г. пражскі біскуп Адальберт ахрысціў сына князя Гейзы, Вайка пад іменем Стэфан і каранаваў яго на першага венгерскага караля.

Эстэргом (Венгрыя)

У Будапешце пілігрымы наведалі катэдру св. Стэфана, былы паўлінскі, сёння універсітэцкі касцёл Нараджэння Маці Божай. На святой Імшы беларускія пілігрымы маліліся ў паўлінскім скальным касцёле (Sziklatemplom) на гары св. Гелерта.

Паўлінскі скальны касцёл (Sziklatemplom) на гары св. Гелерта
Будапешт (Венгрыя)

Асаблівым падарункам стала вячэрняя прагулка па Дунаі. Круіз на карабліку пад жывую музыку адкрыў перад пілігрымамі зусім іншы Будапешт – зіхатлівы, рамантычны і велічны. Агні мастоў, ілюмінацыя парламента і каралеўскага палаца, ціхае адлюстраванне зорак у цёмнай вадзе – гэтыя начныя віды назаўсёды застануцца ў памяці, як момант ціхай радасці пасля малітоўнага дня.

Вячэрняя прагулка па Дунаі

Па дарозе на захад краіны, беларускія пілігрымы заехалі памаліцца да св. Паўла Першага Пустэльніка на руіны паўлінскага кляштара св. Лаўрэнція (Budaszentlőrinc), які з 1308 па 1526 гг. быў сядзібай генеральнага настаяцеля Ордэна і там жа захоўваліся рэліквіі св. Паўла Пустэльніка.

Руіны паўлінскага кляштара св. Лаўрэнція (Budaszentlőrinc)

Далей шлях пілігрымаў праходзіў праз мястэчка Жамбек (Zsambek), славуты велічнымі раманскімі руінамі касцёла і кляштара, які ў розныя эпохі належаў Нарбертанам, а потым Паўлінам.

Жамбек (Zsambek)

🇭🇺 Паннанхальма (Венгрыя)

Светач духоўнасці – бенедыктынскі кляштар на гары Паннанхальма, помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, не пакінуў абыякавым нікога. Пілігрымы мелі начлег у Доме св. Якуба, маліліся ў старажытнай базіліцы і дакрануліся да манаскай традыцыі, якая налічвае больш за тысячу гадоў.

Паннанхальма (Венгрыя)

🇦🇹 Вена (Аўстрыя)

Аўстрыйская сталіца сустрэла групу Імшой у палацы Хетцэндорф (Schloss Hetzendorf), а затым – веліччу катэдры Святога Стэфана (Stefansdom) і манументальнасцю імператарскага палаца Шонбрунн (Schönbrunn). Аглядная экскурсія з гідам дапамагла лепей пазнаёміцца з прыгажуняй Венай, яе храмамі і палацамі.

Вена (Аўстрыя)

🇸🇰 Шашцін (Славакія)

На шляху да Кракава група спынілася ў славацкім санктуарыі Маці Божай Сямібалеснай у мясцовасці Шашцін (Šaštin), у якім служаць айцы Паўліны. З XVI ст. у гэтым месцы асабліва ўшаноўваецца цудоўная фігурка Маці Божай. У 1564 годзе Ангэліка Бакічова, жонка графа Імрыха Цобора, уладальніка шашцінскага маёнтка, загадала вырабіць фігурку Маці Божай Сямі Балесцяў, як выкананне зароку за выслуханую малітву ў сямейных нягодах. Пры прыгожых беларускіх спевах адбылася святая Імша, якая стала мостам паміж венгерскай і польскай часткамі пілігрымкі.

Шашцін (Славакія)

🇵🇱 Кракаў (Польшча)

Фінішны акорд пілігрымкі прагучаў на кракаўскай Скалцы – у касцёле айцоў Паўлінаў, у якім 11 красавіка 1079 г. святы біскуп Станіслаў быў забіты каролём Баляславам II. Затым пілігрымы наведалі Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. Гэтае месца нагадвала, што міласэрнасць не мае межаў. Агляд Кракава з гідам падарыў разуменне таго, як вера фармавала аблічча цэлага горада.

Кракаў (Польшча)

🇨🇿 Чэхія (у дарозе)

Нават праязджаючы праз Чэхію, беларускія пілігрымы не пераставалі маліцца.

Завяршэнне шляху

Апошні пераезд з Кракава на радзіму ў Пінск – амаль 500 кіламетраў – быў пройдзены з падзякай Богу, Маці Божай, св. Паўлу Першаму Пустэльніку і бл. Эўзэбію за іх благаславенне і апеку падчас тыднёвай пілігрымкі.

Айцец Ануфрый і Таццяна падзякавалі кожнаму ўдзельніку за адкрытае сэрца і малітву. «Гэта было не падарожжа, а выпрабаванне веры і радасць супольнасці», – адзначылі яны па вяртанні.

Вернікі Пінскай дыяцэзіі спадзяюцца, што «Паўлінскі шлях» стане новай традыцыяй – пілігрымкай, якая злучае мінулае і сучаснасць Паўлінскага Ордэна і ўсяго Касцёла ў адным малітоўным кроку.

27 красавіка 2026 года

Тэкст - айцец Ануфрый Альховік OSPPE, фота - Таццяна Яфіменка.

Фотарэпартаж