Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Адбылася пілігрымка з Пінска да марыйнага санктуарыя ў Лагішыне

10 мая адбылася традыцыйная пілігрымка з Пінска ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай у Лагішыне. Амаль дзве сотні паломнікаў розных узростаў прайшлі малітоўны шлях да Валадаркі Палесся.

Пінская майская пілігрымка да цудоўнага вобраза Маці Божай у Лагішыне мае старадаўнюю гісторыю і традыцыю. З новай моцай яна адрадзілася на пачатку 1990-х гадоў пасля заканчэння часоў атэізма. Яшчэ большым імпульсам да развіцця гэтага паломніцтва стаў дзень 10 мая 1997 г., калі кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў цудадзейны абраз Багародзіцы каштоўнымі каронамі, паблагаслаўленымі і перададзенымі адмыслова для гэтай іконы Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Тады ж лагішынская святыня Маці Божай была афіцыйна абвешчана дыяцэзіяльным санктуарыем. А Найсвяцейшая Панна пад тылам “Каралевы Палесся” была аб’яўлена галоўнай Заступніцай Пінскай дыяцэзіі.

Сёлетняя пілігрымка сабрала каля дзьвух соцен паломнікаў з самых розных рэгіёнаў Пінскай дыяцэзіі – ад Камянца на захадзе да Жлобіна на ўсходзе. Асаблівай радасцю для моладзі, якая была большасцю на пілігрымцы, стаў актыўны ўдзел у гэтым духоўным мерапрыемстве клерыкаў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі з Гродна на чале з іх выхаваўцам ксяндзом Паўлам Скубам. Будучыя святары дзяліліся сваім сведчаннем веры і паклікання.

Асаблівай традыцыяй майскай пілігрымкі з Пінска да Маці Божай у Лагішыне з’яўляецца малітоўная сустрэча моладзі і пілігрымаў, якая адбываецца напярэдадні паломніцтва. Таксама ў бягучым годзе старадаўняя пінская катэдральная базыліка прымала моладзь на сумесную малітву ў вігілію пілігрымкі. Святую Імшу з гэтай нагоды для ўдзельнікаў сустрэчы ўзначаліў Біскуп Андрэй Зноска. На наступны дзень іерарх прайшоў разам з паломнікамі ўвесь шлях да Каралевы Палесся.

На заканчэнне пілігрымкі святую Імшу ў Лагішынскім санктуарыі ўзначаліў Біскуп Антоні Дзям’янка. Разам з ім літургію цэлебраваў Біскуп Андрэй Зноска, архімандрыт Сяргей Гаек і мясцовыя святары. Пастыр Пінскай дыяцэзіі падзякаваў за арганізацыю паломніцтва і служэнне пілігрымам дырэктару пілігрымкі – ксяндзу Андрэю Рылку, пробашчам пінскіх парафій – ксяндзу Чэславу Ладыку, ксяндзу Паўлу Врубелю, айцу Ануфрыю Альховіку OSPPE, а таксама айцу Леанарду Адушкевічу OSPPE, які ўдзельнічаў у паломніцтве разам з вернікамі з Гомельшчыны.

Кусташ санктуарыя ксёндз Анрэй Шут нагадаў пілігрымам пра тое, што дзверы святыні Маці Божай Лагішынскай заўсёды адчыненыя для кожнага наведвальніка, каб прывесці ўсіх да Хрыста.

Наступныя традыцыйныя дыяцэзіяльныя пілігрымкі ў Лагішынскі санктуарый у гэтым годзе плануюцца з 4 па 7 жніўня з Баранавічаў і Бярозы.