Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

«Рабі дабро іншым на карысць» “Вясёлка талентаў” у дзевяты раз сабрала “асаблівых” артыстаў

14 мая ў Баранавічах адбыўся ІХ адкрыты фестываль мастацтваў дзіцячай і юнацкай творчасці “Вясёлка талентаў”.

Дэвіз сёлетняга Фестывалю – «Рабі дабро іншым на карысць» - стаў не толькі лозунгам, але і місіяй нашага Фестывалю.

Ён адкрыў свае дзверы для самых смелых, яркіх і мэтанакіраваных — для дзяцей і маладых людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця.

За дзевяць гадоў свайго існавання Фестываль змяніўся да непазнавальнасці. Тое, што пачыналася як камернае свята душы, сёння ператварылася ў маштабную падзею. З кожным годам "Вясёлка талентаў" становіцца ўсё больш прафесійнай: павышаецца ўзровень майстэрства нашых артыстаў. Фестываль літаральна рассоўвае межы, прымаючы ўдзельнікаў з самых аддаленых куткоў, аб'ядноўваючы рэгіёны і сціраючы геаграфічныя бар'еры. "Вясёлка талентаў" даказвае: талент не мае адрасу і ўзросту.

Кожны нумар - гэта маленькае жыццё, поўнае эмоцый, пераадолення і чыстай радасці творчасці. Гледачы, якія сядзяць у зале, прызнаюцца: выступленні ўдзельнікаў Фестывалю кранаюць глыбіні сэрца інакш, чым любыя шоу прафесіяналаў. Таму што за кожным жэстам і нотай стаіць велізарная праца душы. Фестываль не проста дорыць магчымасць самавыяўлення - ён выконвае найважнейшую місію: вучыць грамадства любові, прыняцця і спагады. «Рабі дабро іншым на карысць» — гэта напамін аб тым, што сапраўдная каштоўнасць чалавека не ў яго фізічных магчымасцях, а ў сіле духу і здольнасці быць шчаслівым і ствараць, нягледзячы ні на што.

Арганізатарам фестывалю выступае Кангрэгацыя сясцёр місіянерак Святой Сям’і. Менавіта іх бязмежная адданасць справе дапамагаець год за годам дарыць асаблівым дзецям і маладым людзям веру ў сябе. Сёстры ствараюць атмасферу, дзе кожны ўдзельнік адчувае сябе патрэбным, каханым і па-сапраўднаму таленавітым.

9-ы фестываль «Вясёлка талентаў» паспяхова завершаны, але яго рэха яшчэ доўга будзе гучаць у сэрцах гледачоў і ўдзельнікаў. Наперадзе - новыя вяршыні, новыя тэрыторыі і новыя імёны. Бо пакуль мы творым дабро, свет становіцца лепшы.

Тэкст - с. Валерыя Пацукевіч

Фота - брат Корнэль Консэк