30 мая ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося ўрачыстае адкрыццё VI фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі “Ars Magna Organi”. На пачатку ўсіх сабраных аматараў сакральнай і класічнай музыкі прывітаў ксёндз Павел Врубель, а таксама мастацкі кіраўнік фестывалю спадар Аляксандр Бурдзялёў.
Ганаровымі гасцямі і выканаўцамі першага канцэрту пад тытулам “Гарманічнае набажэнства” сталі ўдзельнікі ансамблю “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам маэстра Дзмітрыя Зубава (арган).
Як было адзначана ва ўступным слове арганізатараў, сёлетні фестываль працягнецца да 4 кастрычніка 2026 года і будзе ахопліваць 9 месцаў Беларусі (Пінск, Лагішын, Ружаны, Пружаны, Мядзведзічы, Іванава, Ліда, Іўе, Парэчча). Як плануецца, насычаная праграма фестывалю будзе складацца з 97 канцэртаў, на сямі гістарычных (Пінск, Пружаны, Ружаны, Мядзведзічы, Іўе, Ліда, Парэчча) і адным сучасным (Лагішын) арганах, а таксама з удзелам электрааргана (Іванава), клавесіна (Пружаны і Пінск) і раяля (Пінск, касцёл святога Карла Барамея (гарадская канцэртная зала)).
Падрабязную інфармацыю пра сёлетнюю праграму Фестывалю можна знайсці ТУТ.