Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Баранавічах адзначылі 25-годдзе пасвячэння касцёла святога Зыгмунта

31 мая ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Баранавічах адбылося святкаванне 25-годдзя з даты пасвячэння касцёла святога Зыгмунта.

Урачыстую святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім літургію цэлебраваў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, пробашч парафіі святога Зыгмунта ксёндз канонік доктар Багдан Крынскі і іншыя святары.

Звяртаючыся да сабраных вернікаў, Мітрапаліт Юзаф звярнуў увагу на той вялікі дар, якім з’яўляецца вера і адносіны з Богам. Усё гэта напаўняе людзей духоўнымі сіламі, падтрымлівае іх на жыццёвым шляху і натхняе будаваць такія прыгожыя святыні як касцёл святога Зыгмунта ў Баранавічах, якія становяцца месцам сустрэчы людзей і з Богам, і паміж сабою, ствараючы вялікую духоўную сям’ю сем’яў.

На завяршэнне літургіі Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў вернікаў узнесці да Бога малітву падзякі за ўсіх, хто прычыніўся да будаўніцтва гэтай святыні – за жывых і ўжо памерлых. Асабліва Біскуп Антоні ўзгадаў Кардынала Казіміра Свёнтка, які падтрымліваў парафію на самым пачатку яе арганізацыі ў новай частцы горада і здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Зыгмунта 25 год таму. Таксама іерарх прыгадаў нядаўна спачылага Біскупа Казіміра Велікасельца, які распачынаў будаўніцтва гэтай велічнай святыні - сапраўднага ўпрыгажэння Баранавічаў.

Удзяляючы благаслаўленне сабраным вернікам і гасцям урачыстасці, Мітрапаліт Юзаф запрасіў усіх да руплівай малітвы аб новых святарскіх пакліканнях з нашых сем’яў, каб маладыя людзі з адвагай і энтузіязмам веры адклікаліся на запрашэнне Пана пайсці шляхам служэння Богу і людзям у Хрыстовым святарстве.

Фота - Марына Валасар