Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Івацэвічах Прыміцыйную
Святую Імшу цэлебраваў
Айцец Уладзіслаў Молчан

У нядзелю 7 чэрвеня ў касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Івацэвічах адбылася ўрачыстасць Прыміцыйнай (першай) Святой Імшы выхадца з гэтай парафіі – Айца Уладзіслава Молчана, OFMConv.

Айцец Уладзіслаў нарадзіўся і вырас у Івацэвічах. Распазнаўшы пакліканне да кансэкраванага жыцця ў духу і харызме супольнасці Братоў Меншых Канвентуальных (Францішканаў), праходзіў фармацыю і навучанне ў Духоўнай семінарыі гэтага Ордэна ў Лодзі (Польшча). Пасля заканчэння семінарыі, 30 мая бягучага года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Для парафіянаў ў Івацэвічах “нараджэнне” новага святара – духоўнага сына іх супольнасці – стала вялікай радасцю і плёнам іх малітваў аб пакліканнях. Як зазанчыў прысутны на Прыміцыйнай урачыстасці ксёндз Андрэй Рылка - канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, у Год святога Францішка Асізскага, які сёлета адзначае Паўсюдны Касцёл, Божы Провід ласкава адарыў нас святаром-францішканінам, выхадцам з івацэвіцкай зямлі. А ксёндз Эдуард Мажаеў, адміністратар парафіі, заахвоціў вернікаў маліцца за святароў і аб новых пакліканнях да Божай службы.

На заканчэнне святой Імшы івацэвіцкія парафіяне выказалі айцу Уладзіславу сваю нязмерную радасць і ўдзячнасць Богу за дар яго манаскага і святарскага паклікання. А новапасвячаны святар удзяліў усім прыміцыйнае адпустовае благаслаўленне.