Шматлікія пілігрымы, у большасці – моладзь, падчас сваёй духоўнай вандроўкі маліліся аб дары распазнання жыццёвага паклікання, якое ад Бога атрымлівае кожны чалавек. Падчас духоўных разважанняў са святарамі і сёстрамі-манахінямі паломнікі маліліся аб духу адвагі і трываласці для тых юнакоў і дзяўчат, якіх Хрыстус кліча да асаблівага прысвячэння свайго жыцця ў святарскім або манаскім служэнні.
Акрамя сваіх асабістых духоўных інтэнцый, пілігрымы ўзносілі да Бога малітвы за ўсіх тых вернікаў і людзей добрай волі, якіх сустракалі на сваім шляху да санктуарыя Маці Божай, давяраючы Божай апецы іх патрэбы, маленні і ўдзячнасць Божаму Провіду за ўсе бачныя і нябачныя благаслаўленні.
Разам з пешымі пілігрымамі 7 жніўня ў Лагішынскі марыйны санктуарый прыбылі таксама паломнікі з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, якія прыехалі на розных транспартных сродках, каб адной вялікай дыяцэзіяльнай сям’ёй аб’яднацца ў супольнай малітве ля трону Нябеснай Заступніцы Палесся.
Фота - Таццяна Ефіменка