Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Катэхетычным каледжы
ў Баранавічах адбылася інаўгурацыя новага
акадэмічнага года

26 верасня ў Катэхетычным каледжы імя Біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года 2026-2027. Урачыстасць узначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Цэнтральным пунктам інаўгурацыі акадэмічнага года стала святая Імша ў капліцы Найсвяцейшай Тройцы ў Катэхетычным каледжы. Літургію ўзначаліў Біскуп Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да сабраных студэнтаў і выкладчыкаў установы, іерарх заахвоціў цаніць той дар, якім з’яўляецца магчымасць падчас навучання ў каледжы паглыбляць веру, тэалагічныя веды і атрымліваць духоўную фармацыю.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Андрэй Рылка, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі, былы дырэктар Катэхетычнага каледжа. Святар заахвоціў студэнтаў каледжа добра карыстацца дарам часу і магчымасцей, якія на іх жыццёвым ляху ставіць Божы Провід, дазваляючы чэрпаць з багатай скарбніцы навуковых ведаў і духоўнага досведу Каталіцкага Касцёла.

Пасля святой Імшы адбылася чарговая частка інаўгурацыі. З рук Біскупа Пінскага сёлетнія выпускнікі каледжа атрымалі дыпломы аб паспяховым заканчэнні гэтай тэалагічнай установы. Са свайго боку лаўрэаты дыпломаў падзякавалі кіраўніцтву і выкладчыкам каледжа за атрыманую адукацыю і заахвоцілі студэнтаў-пачаткоўцаў карыстацца магчымасцю навучання ў гэтай установе з максімальнай духоўнай карысцю, якую тут можна атрымаць.

Завяршальным акордам урачыстасці стаў вельмі хвалюючы момант для студэнтаў першага курса навучання, якія з рук Біскупа Антонія Дзям’янкі атрымалі студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі, такім чынам афіцыйна далучыўшыся да вялікай духоўнай і акадэмічнай сям’і Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах.


Фота - Брат Карнэлій