Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Пан — прытулак для беднага: у Баранавічах адзначылі Х Сусветны дзень бедных

4 кастрычніка каталіцкі Касцёл адзначае важную дату — 800 гадоў з дня смерці святога Францішка з Асізі, заступніка бедных і ўбогіх. І ў гэты дзень парафія Маці Божай Фацімскай у Баранавічах разам з сёстрамі місіянеркамі Святой Сям’і арганізавала святкаванне ужо ў дзясяты раз Сусветнага дня бедных.
Гэтая ініцыятыва стала важнай прасторай салідарнасці, малітвы і рэальнай дапамогі тым, хто апынуўся ў цяжкіх жыццёвых абставінах.
З нагоды юбілейнага X Сусветнага дня бедных Святы Айцец Леў XIV накіраваў вернікам глыбокае пасланне, асновай якога сталі словы са Святога Пісання: «Пан — прытулак для беднага» (пар. Пс 14, 6).

Папа падкрэсліў некалькі ключавых аспектаў, якія дапамагаюць пераасэнсаваць наша стаўленне да бліжняга. Святы Айцец заклікае вярнуцца да Слова Божага, якое нагадвае нам пра важнасць бедных у жыцці Касцёла. Гэтыя словы з'яўляюцца “важным крытэрыем ацэнкі хрысціянскага жыцця, бо выяўляюць сапраўднае аблічча Бога і дапамагаюць распазнаваць чалавечую беднасць”.

Папа Леў XIV звяртае ўвагу на тое, што сёння крык бедных аб справядлівасці часта заглушаецца «ўсё больш тонкай тактыкай абыякавасці». У моманты пакінутасці і адзіноты бедныя здольныя жыць пад «аховай Найвышэйшага». Звяртаючыся да Бога, яны знаходзяць сапраўдную і трывалую абарону, якую моцныя гэтага свету не могуць гарантаваць.

Пантыфік заўважае, што бедныя значна лепш за іншых здольныя распазнаць тое, што з'яўляецца па-сапраўднаму істотным, бо яны жывяцца самым неабходным. Яны найбольш падобныя да Хрыста ў сваім даверы Богу.

Дзень памяці святога Францішка з Асізі нагадвае нам пра яго радыкальны выбар евангельскай беднасці. Святы Францішак бачыў у кожным бедным чалавеку самога Хрыста. Сённяшняя ініцыятыва баранавіцкай парафіі і сясцёр місіянерак працягвае гэтую жывую традыцыю міласэрнасці на нашай зямлі, даказваючы, што дапамога і духоўная блізкасць здольныя пераадолець любую абыякавасць.

«Хто шукае прытулку ў Пану, той знаходзіць не проста суцяшэнне, але і новую матывацыю для жыцця, напоўненага годнасцю і спадзяваннем».


Фатограф - Дар'я Сцяпанава