Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Брэсце адбылося Дыяцэзіяльнае спатканне моладзі

31 кастрычніка ў вігілію урачыстасці Усіх святых у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбылося традыцыйнае спатканне моладзі Пінскай дыяцэзіі.

Сустрэча распачалася з прэзентацыі парафіяльных групаў, дзе маладыя дзяўчаты і хлопцы распавядалі пра сябе, сваё духоўнае жыццё і родную парафіяльную супольнасць.

Цэнтральным момантам спаткання стала святая Імша, якую ўзначаліў Дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Андрэй Зноска. Звятраючыся да моладзі, іерарх зазначыў, што яго пастырскае сэрца радуецца з-за таго, што моладзь з розных куточкаў дыяцэзіі можа сабрацца разам, каб памаліцца і адчуць супольнасці веры маладога пакалення. У гаміліі Біскуп Андрэй заахвоціў моладзь не баяцца даверыцца Божаму плану і Яго натхненням у распазнаванні свайго жыццёвага паклікання. Маладосць - гэта час выбару шляху, па якім далей ісці: у святарскім, манаскім, сужэнскім ці нават у самотным жыцці. Ідучы Божым шляхам з верай і малітвай кожны можа быць упэўнены, што Божы Провід правядзе яго найлепшымі сцежкамі.

Пасля святой Імшы адбылася катэхеза для моладзі, якую абвясціў ксёндз Аляксандр Канановіч, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі з Гомеля. Нагадваючы пра тэму сустрэчы - знакаміты заклік з малітвы “Ойча наш: “Свяціся Імя Тваё” - святар запрасіў моладзь паразважаць над значэннем словаў гэтай малітвы, якой навучыў нас Езус Хрыстус.

Чарговым хвалюючым момантам сустрэчы стала супольная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі спаткання маглі наблізіцца да алтара, каб даверыць Езусу Хрысту свой далейшы жыццёвых шлях. Выразам гэтага даверу было атрыманне запаленай свечкі – сімвала Хрыста, які з’яўляецца святлом жыцця, а таксама біблійнага тэксту, якія кожны мог узяць з адмысловай “скарбонкі Божага слова”. Ражванні і малітвы падчас Адарацыі праводзіла група моладзі з парафіі Маці Божай Фацімскай з Баранавічаў разам з іх таленавітым парафіяльным музычным гуртом “Шлях”.

На завяршэнне спаткання моладзь славіла Бога падчас малітоўнага канцэрта праслаўлення, які правялі гаспадары сустрэчы – моладзь парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Брэсце.

На заканчэнне спаткання ўдзельнікі выказалі словы падзякі за цёплы прыём і арганізацыю сустрэчы парафіяльнай супольнасці Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце на чале з пробашчам ксяндзом Антоніем Анціпенка.

З вялікім энтузіязмам моладзь успрыняла анонс наступнай сустрэчы - Дыяцэзіяльнага каляднага спаткання моладзі, якое плануецца 9 студзеня ў касцёле святога Зыгмунта ў Баранавічах.


Фота - Дар'я Яфіменка