Набажэнства вігіліі пахавання адбылося 6 лістапада ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, дзе апошнім часам святой памяці Ядвіга пражывала ў сваёй дачкі. Пахаванне адбылося на наступны дзень 7 лістапада ў роднай мясцовасці спачылай у аг. Дзераўная на Стаўбцоўшчыне.
Пахвальную святую Імшу ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной узначаліў Біскуп Антоні. Разам з ім літургію служылі іншыя біскупы з розных дыяцэзій Беларусі, а таксама шматлікія святары.
Гамілію на пахавальнай святой Імшы прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх звярнуў увагу прысутных на супольнай малітве шматлікіх вернікаў на прыгожы прыклад жыцця святой памяці Ядвігі. Нягледзячы на складаныя часы і ўмовы, у якіх праходзіла яе зямное жыццё, яна не толькі захавала жывую веру, але перадала яе сваім дзецям і ўнукам. Асаблівым плёнам яе духоўнага жыцця і малітвы стала тое, што двое з пяцярых дзяцей выбралі шлях поўнага прысвячэння Пану Богу. Старэйшая дачка Імэльда стала манахіняй бэнэдыктынкай, а сын Антоні – святаром і біскупам.
Пасля святой Імшы спачылая Ядвіга была пахаваная каля свайго мужа святой памяці Бэрнарда на мясцовых могілках у Дзераўной.