Сустрэча распачалася духоўнай канферэнцыяй, падчас якой ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC, пробашч у Бярозе і Белаазёрску, наблізіў слухачам змест і значэнне апошніх пасланняў Папы Льва XIV да духоўных і кансэкраваных асобаў.
Пасля супольнай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту святары цэлебравалі святую Імшу ў Пінскім катэдральным касцёле. Літургію ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім Найсвяцейшую Эўхарыстыю служыў Дапаможны Біскуп Пінскі Андрэй Зноска, Архімандрыт Лявонцій Тумоўскі, святары, якія служаць у парафіях Пінскай дыяцэзіі.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Алег Сількевіч, пробашч парафіі ў Новай Мышы. Святар прыгадаў руплівасць, сведчанне веры і самаадданае служэнне вялікіх пастыраў з нядаўняга мінулага Касцёла на нашай зямлі, сярод якіх залатымі літарамі ў гісторыю Пінскай дыяцэзіі ўпісана служэнне Кардынала Казіміра Свёнтка і Біскупа Казіміра Велікасельца.
На заканчэнне літургіі біскупы і святары падзякавалі за 27 гадоў адданага душпастырства ў дыяцэзіі ксяндзу Тадэвушу Саморэку, які па стане здароўя завяршае сваю пастырскую паслугу ў Пінскай дыяцэзіі як пробашча парафій у Светлагорску і Акцябрскім на Гомельшчыне.
З прывітальным словам да сабраных на літургіі звярнуўся таксама Архімандрыт Лявонцій Тумоўскі, які прыгадаў вялікую постаць першага Біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і яго служэнне католікам рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў.
Супольная малітва ў Пінскай катэдры святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў стала добрай нагодай, каб скласці віншаванні з надыходзячымі імянінамі Дапаможнаму Біскупу Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Андрэю Зноска. Ксёндз Віталій Міснікевіч ад імя ўсіх сабраных ва ўзнёслых паэтычных словах павіншаваў іерарха і пажадаў яму далейшай моцнай апекі нябеснага заступніка – святога Апостала Андрэя.
Сустрэча закончылася працоўным спатканнем, падчас якога былі абмеркаваныя бягучыя душпастырскія справы і планы на надыходзячы 2027 год.