Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Пінскай катэдры святары дыяцэзіі аднавілі сваю прысягу

У Пінскай катэдры святары дыяцэзіі аднавілі сваю прысягу


17 красавіка ў Пінскай катэдральнай базыліцы адбылася святая Імша Хрызмы, якую ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмерыт Казімір Велікаселец, архімандрыт Сяргей Гаек, святары з парафій Пінскай дыяцэзіі і мясцовыя парафіяне.   
Традыцыйна ў першай палове дня ў Вялікі Чацвер адбываецца адмысловая літургія, падчас якой святары, сабраныя разам з біскупам, аднаўляюць сваю прысягу і абяцанні, якія складалі Богу і Яго Касцёлу прымаючы сакрамэнт святарскага пасвячэння. У часе гэтай святой Імшы ў катэдры біскуп здзяйсняе абрад пасвячэння адмысловых святых алеяў для ўсіх парафій дыяцэзіі: алею хрызмы, якім на працягу года намашчаюцца вернікі ў часе прыняцця сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, пасвячэнняў, і алею намашчэння хворых, які ўдзяляецца вернікам у аднайменным сакрамэнце на працягу ўсяго года.

На заканчэнне святой Імшы Хрызмы парафіяне Пінскай катэдральнай парафіі ад імя ўсіх вернікаў дыяцэзіі павіншавалі святароў з іх “прафесійным святам” – днём успаміну ўстанаўлення Хрыстом сакрамэнту пасвячэнняў у Вялікі Чацвер.

Пасля літургіі біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі традыцыйна памаліліся каля грабніцы Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага аб ласцы беатыфікацыі для яго, а таксама ў крыпце, дзе пахваны кардынал Казімір Свёнтэк.

У гэты ж дзень біскуп Андрэй Зноска цэлебраваў святую Імшу Хрызмы разам са святарамі Гомельскага рэгіёна дыяцэзіі. Глядзець тут