У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму хрысціяне павінны душою і сэрцам яднацца з Касцёлам у адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення. Хрысціяне павінны асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцy столькі пакутаў.
У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля святой Камуніі, якая адбываецца пасля адарацыі, Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу.
Галоўнай падзеяй дня ў Пінскай катэдры стала Літургія Мукі Пана пад кіраўніцтвам біскупа Антонія Дзям'янкі.