У нядзелю 20 красавіка, на світанні, пад радасныя гукі званоў і велікодных спеваў у цэнтры Пінска, на вуліцах, прылеглых да катэдральнага касцёла і комплексу былога кляштара францысканцаў прайшла Рэзурэкцыйная працэсія.
Шэсце вернікаў з Найсвяцейшым Сакрамэнтам у велікодную раніцу ўзначаліў біскуп Антоній Дзям'янка. У працэсіі ўзялі ўдзел таксама святары, якія па чарзе неслі Цела Хрыста ў манстранцыі, што з’яўляецца старадаўнім пасхальным звычаем у Каталіцкім Касцёле.
Вялікдзень — заўсёды радаснае свята перамогі жыцця над смерцю. Нават у самых складаных абставінах вернікі спяваюць радаснае «Аллелюя» і вітаюць адно аднаго словамі «Хрыстус уваскрос».
Вялікдзень — урачыстасць, не абмежаваная адным днём. Яе непасрэднае святкаванне працягваецца восем дзён, якія складаюць актаву Пасхі. Найчасцей раніцай у нядзелю перад святой Імшой на світанні адбываецца прыгожая Рэзурэкцыйная працэсія. Вернікі з радаснымі велікоднымі спевамі ідуць у ёй за сваім Уваскрослым Панам.
Вялікдзень — гэта адзін вялікі дзень новага стварэння, адроджанага ў пасхальнай таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Наш укрыжаваны Збаўца, зняты з крыжа і пахаваны, не застаўся ў цемры грабніцы. Ён сапраўды ўваскрос. Ён кліча нас за сабою.
Вялікдзень — гэта свята надзеі, якая ніколі не памірае.
Пасля працэсіі ў Пінскай катэдры адбылася святая Імша.