Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Сезон пілігрымак адкрылі паломнікі з Пінска ў Лагішын



10 мая адбылася традыцыйная пешая пілігрымка з Пінскай катэдральнай базылікі да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Паломніцтва распачалося супольнай малітвай у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У добры шлях пілігрымаў паблагаславіў біскуп Андрэй Зноска, які таксама як паломнік прайшоў увесь амаль 30-ці кіламетровы шлях да санктуарыя Валадаркі Палесся.
Адметнасцю сёлетняй пілігрымкі быў шматлікі і актыўны ўдзел у ёй клерыкаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Будучыя святары не толькі малітвай і спевам служылі паломнікам, але таксама адказвалі на шматлікія пытанні маладых людзей пра тое, чым і як жыве семінарыя, дзялілся сваімі сведчаннямі пра тое, як распазнаць сваё жыццёвае пакліканне і як Бог натхняе юнакоў да выбару святарскага служэння.
З вялікай радасцю і матчынай гасціннасцю заўсёды вітаюць пілігрымаў парафіяне з вёсак Крыўчыцы і Падбалоцце пры капліцы святой Ганны. Таксама сёлета вернікі гэтай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом Чэславам Ладыкам сустрэлі паломнікаў з малітвай і пачастункам.

Шлях пілігрымкі да цудоўнага вобраза Маці Божай Лагішынскай – гэта своеасаблівыя рэкалекцыі ў дарозе, дзе кожны ўдзельнік мае магчымасць і памаліцца, і праславіць Бога спевам, і паразмаўляць са святарамі, і паслухаць сведчанні людзей, якія знайшлі радасць жыцця з Хрыстом. З асаблівай цікавасцю пілігрымы слухалі ў дарозе духоўную канферэнцыю на тэму Юбілейнага Года ў Каталіцкім Касцёле. Яе правёў айцец Ануфрый Альховік OSPPE, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Пінску.
Найбольш шчаслівым момантам пілігрымкі стаў уваход у санктуарый Лагішынскай Багародзіцы, на прыступках якога паломнікаў сустрэў кусташ святыні ксёндз Андрэй Шут. Разам з ім вернікаў прывіталі іерархі мясцовага Касцёла: біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і біскуп эмерыт Казімір Велікаселец OР.
Пастыр Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні ўзначаліў святую Імшу перад цудоўным абразом Каралевы Палесся. На пачатку літургіі ён падзякаваў пілігрымам за іх ахвярны шлях і малітвы. Таксама біскуп выказаў словы ўдзячнасці святарам рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў, якія суправаджалі паломнікаў, асабліва падкрэсліўшы актыўны ўдзел на ўсім шляху пілігрымкі дапаможнага біскупа Андрэя Зноскі.
З вялікім энтузіязмам пілігрымы віталі перад пачатакам ліутргіі момант урачыстага прыняцця ў супольнасць паломнікаў біскупа Антонія Дзям’янку, біскупа Казіміра Велікасельца, кусташа Лагішынскага санктуарыя ксяндза Андрэй Шута і кусташа санктуарыя святога Андрэя Баболі ў Іванаве ксяндза Паўла Кручэка. Кіраўнік пілігрымкі ксёндз Андрэй Рылка разам з аніматарамі ўручыў біскупам і святарам сімвалічныя атрыбуты пілігрыма: адмысловыя кашулі, кепкі і хустачкі з сімволікай Юбілейнага года і стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.
Гамілію да сабраных на ўрачыстай літургіі скіраваў біскуп Андрэй Зноска. Дапаможны пастыр дыяцэзіі запрасіў паглядзець на Багародзіцу ў цудоўным лагішынскім вобразе як на маму, якая праз нябеснае акно пазірае на зямлю на сваіх дзяцей, хоча з імі сустрэцца і паразмаўляць.
На завяршэнне святой Імшы біскупы ўдзялілі сабраным Божае благаслаўленне.
Падчас аб’яваў пра далейшыя мерапрыемствы ў дыяцэзіі кусташ санктуарыя святога Андрэя Баболі запрасіў вернікаў на надыходзячыя ўрачыстасці ў Іванаве, якія адбудуцца 17 мая. Пастыры дыяцэзіі нагадалі ўсім сабраным, асабліва моладзі, што наперадзе нас чакаюць наступныя пілігрымкі ў гэтым годзе: 26 чэрвеня – з Баранавічаў у санктуарый Маці Божай у Будславе, а 5 жніўня – у Лагішынскі санктуарый з Баранавічаў і Бярозы.