Свята Маці Божай Фацімскай бярэ пачатак з цудоўных прыватных аб’яўленняў Багародзіцы траім пастушкам: Лусіі, Францішку і Жасінце. Аб’яўленні дзецям працягваліся каля партугальскага мястэчка Фаціма з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 г. Сведкамі асабліва апошняга аб’яўлення з прадказаным цудоўным знакам з неба сталі каля 50 тыс. чалавек, у тым – журналісты, якія фатаграфавалі надзвычайныя з’явы.
Пасля працэсу даследванняў, у 1930 г. Апостальская Сталіца прызнала аўтэнтычнасць і згоднасць фацімскага паслання з Божым Аб’яўленнем. Двое дзяцей з фацімскіх візіянераў – Францішак і Жасінта памерлі падчас эпідэміі ў 1918 г. Яны былі кананізаваныя Папам Францішкам у 2017 г. Трэцяя візіянерка – Лусія стала манахіняй, памерла ў 2005 г., а ў 2008 г. распачаўся працэс яе беатэфікацыі. У Баранавіцкім санктуарыі Маці Божай Фацімскай знаходзяцца рэліквіі святых Францішка і Жасінты.
Галоўнае пасланне Багародзіцы з Фацімы: навяртанне, пакаянне, малітва на ружанцы, споведзь і прыняцце Святой Камуніі ў інтэнцыі супакою і паяднанню паміж людзьмі ў свеце, асабліва ў інтэнцыі навяртання закаранелых грэшнікаў.
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах у памяць аб днях аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны кожнага 13-га чысла месяца з мая па кастрычнік адбываюцца марыйныя ружанцовыя набажэнствы згодна з фацімскім пасланнем Багародзіцы.