Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Вернікі Пінска і Лагішына павіншавалі з імянінамі сваіх святароў


16 мая Пінская дыяцэзія адзначае ўрачыстасць святога Андрэя Баболі – яе нябеснага заступніка.

Імяніны ў гэты дзень адзначаюць святары: ксёндз Андрэй Рылка, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі, а таксама ксёндз Андрэй Шут, кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся і пробашч парафій у Лагішыне і Целяханах.
Падчас урачыстай святой Імшы 16 мая, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскі Андрэй Зноска, вернікі, сабраныя ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, асабліва маліліся з біскупам і святарамі аб заступніцтве нябеснага апекуна і віншавалі ксяндза Андрэя Рылку і ксяндза Андрэя Шута з імянінамі. Біскуп Андрэй Зноска звярнуўся да імяніннікаў са словамі віншаванняў, прыгадваючы, як разам з імі на адным курсе праходзіў фармацыю ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў 1990-я гады.
Гамілію падчас літургіі да вернікаў прамовіў ксёндз Андрэй Шут. Святар узгадаў жыццёвы шлях святога Андрэя Баболі і яго значэнне як узор евангельскай руплівасці і нябеснага заступніка на шляху ўзрастання ў веры сучасных хрысціянаў.
Асаблівымі гасцямі святкавання сталі прыбылыя ў Пінск на ўрачыстасць святога Андрэя Баболі святары-аднакурснікі імяніннікаў: ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі - рэктар Гродзенскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, ксёндз канонік Антоні Казлоўскі - дэкан Смаргонскі і пробашч парафіі святога Апостала Юды Тадэвуша ў Вішневе, ксёндз Юрый Кузьміч - пробашч парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы. Выказваючы словы віншаванняў, святары ў цёплых братэрскіх словах прыгадалі, як разам з Біскупам Андрэем Зноскам і імяніннікамі - ксяндзом Андрэем Рылкам і ксяндзом Андрэем Шутам - навучаліся і выхоўваліся ў семінарыі ў Гродне, разам крочылі да Хрыстовага святарства.
Сабраныя ў катэдральным касцёле вернікі віншавалі сваіх душпастыраў з імянінамі, запэўнівалі ў нястомнай малітоўнай падтрымцы, жадалі апекі Найсвяцейшай Панны, яснеючай у Лагішынскай выяве Валадаркі Палесся, і зычылі магутнага заступніцтва святога Андрэя Баболі.

16.05.2025 г.