Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Пінску адбылася Эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада


1 чэрвеня стаў асаблівым днём у святкаванні Юбілейнага года ў Пінску. На пярэдадні ўрачыстасці Божага Цела адбылася традыцыйная эўхарыстычная працэсія ад катэдральнай базылікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі да касцёла святога Бэнэдыкта.
Святкаванне распачалося святой Імшой у Пінскай катэдры, якую ўзначаліў Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска. Пасля завяршэння ліутргіі з катэдральнай базылікі вырушыла эўхарыстычная працэсія. Вернікі крочылі з малітвай з прыпынкамі пры адмысловых стацыях з чатырма сімвалічнымі алтарамі на знак ушанавання Езуса Хрыста ў таямніцы Эўхарыстыі, дзе біскуп і святары благаслаўлялі вернікаў і ўсіх жыхароў горада.
Асаблівымі гасцямі ўрачыстасці сёлета сталі ўдзельніцы малітоўнага руху “Маці ў малітве”, якія ў гэтыя дні мелі ў Пінску фармацыйную сустрэчу. Жанчыны ахвотна далучыліся да агульнагарадскога ўшанавання Хрыста ў сакрамэнце Эўхарыстыі.
Працэсія завяршылася каля касцёла святога Бэнэдытка. Біскуп Андрэй на заканчэнне падзякаваў усім святарам, парафіянам і гасцям святкавання за іх удзел, любоў да Бога і сведчанне веры.
Пасля святой Імшы ў Пінскай катэдры панавала атмасфера радасці і ўдзячнасці. Вернікі сардэчна віншавалі біскупа Андрэя з важнай датай – 20-годдзем яго святарскага пасвячэння. Людзі дзяліліся цёплымі словамі павагі, падзякі за духоўнае кіраўніцтва і малітвы, выказваючы:
Ваша Экцэленцыя! Найшаноўнейшы ксёндз біскуп Андрэй! Для нас, вернікаў катэдральнай супольнасці, вялікі гонар віншаваць Вас не толькі з чарговай гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння, але з "круглай" датай. Напэўна, Вы і зараз з цеплынёй і радасцю ў душы ўспамінаеце той дзень, калі 20 гадоў назад з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прынялі святарскае пасвячэнне. Мы дзякуем Пану Богу, Вашым бацькам і ўсім, хто дапамог зрабіць правільны выбар у жыцці, бо ў Вашай асобе маем такога мудрага ксяндза біскупа. За дзевяць месяцаў служэння ў нашай дыяцэзіі мы палюбілі Вас за шчырасць, адкрытасць і добразычлівасць. Пан Бог надзяліў Вас асаблівай харызмай. Калі Вы цэлебруеце Святую Імшу і з радасцю абвяшчаеце Евангелле, ад Вас сыходзіць святло і цяпло. А Вашы ўзнёслыя казанні - гэта сапраўдная песня, словы якой глыбока пранікаюць у нашы душы. Мы захапляемся Вашай актыўнасцю: Вы ўвесь час у дарозе: праводзіце рэкалекцыі падчас Адвэнту і Вялікага Посту, чытаеце лекцыі ў семінарыі, наведваеце самыя аддаленыя парафіі, нават тыя, дзе ўсяго 10-15 вернікаў (можам ўявіць, якая гэта радасць для іх!), адпраўляецеся ў пілігрымкі.
Ваша Эксцэленцыя, жадаем Вам і надалей не губляць маладога запалу ў служэнні, палымянасці ў малітве, любові да людзей, якім служыце. Няхай Пан Бог адорвае сваімі ласкамі, асабліва добрым здароўем і патрэбнымі сіламі для годнага выканання біскупскай паслугі, Маці Божая Унебаўзятая трымае ў сваёй апецы, а Дух Святы натхняе на новыя задумы на карысць нашай дыяцэзіі.
Са шчырай малітвай і самымі сардэчнымі пажаданнямі вернікі Катэдры!
Да віншаванняў далучыліся жанчыны з малітоўнага руху "Маці ў малітве", якія падзякавалі біскупу за яго пастырскую апеку і ў знак удзячнасці ўручылі яму падарунак, зроблены з любоўю і малітвай. Урачыстасць стала праявай адзінства і павагі да свайго душпастыра.