Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Баранавічах адбылася Эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада

15 чэрвеня, з нагоды надыходзячай урачыстасці Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела), вуліцамі горада Баранавічы прайшла традыцыйная Эўхарыстычная працэсія, якая сабрала на малітву шматлікіх вернікаў.
Многія стагоддзі ва ўсіх месцах пражывання католікаў ва ўрачыстасць Божага Цела (сёлета – 19 чэрвеня) або ў бліжэйшыя да яе дні праводзіцца адмысловая малітоўная працэсія вуліцамі гарадоў і вёсак з Эўхарыстычным благаслаўленнем месцаў пражывання і працы людзей. Гэты звычай мае свой характар і традыцыі, якія фарміраваліся на працягу многіх вякоў сярод вернікаў Касцёла на Беларусі. Працэсіі Божага Цела, якія збіраюць людзей на малітву ў шматлікіх мясцовасцях нашай краіны, сведчаць, што традыцыя ўшанавання Хрыста ў таямніцы Эўхарыстыі жывая і неабходная сучаснаму свету.
Сёлетняя Эўхарыстычная працэсія ў Баранавічах распачалася святой Імшой у касцёле-санктуарыі Маці Божай Фацімскай. Пасля заканчэння літургіі, святары, якія служаць у парафіях горада, па чарзе неслі Найсвяцейшы Сакрамэнт у малітоўным ходзе і благаслаўлялі пры чатырох алтарах сабраных вернікаў і ўсю мясцовасць, выпрошваючы для ўсіх шчодрых Божых ласкаў. Працэсія завяршылася пры найстарэйшай святыні горада – касцёле Узвышэння Святога Крыжа, які сёлета 14 верасня адзначыць сотую гадавіну з даты пасвячэння.

Фота: брат Карнэлій Консек SVD