Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Нароўля — Узвышэння Святога Крыжа

ппппппппппппппппп
аааааааааааааааааааа
ппппппппппппппппппппп
Не магчыма прадставіць гісторыю стварэння парафіі ў Нароўлі без гісторыі стварэння парафіі ў Грушаўцы, таму што гэта адно цэлае. Грушаўка – была цэнтрам каталіцтва Нараўлянскага раёна.
Адна з актыўных каталічак Грушаўкі пакінула такі запіс: “Каталіцтва ў в. Грушаўка мае складаную гісторыю. Касцёла ў нас у вёсцы не было, а Богу верылі і маліліся з даўніх часоў”.
Вёску Грушаўку засялілі каталікі  ў 1800 годзе. У 1900-1917 гадах у гэтай вёсцы спрабаваў пабудаваць свой палац пан Горват. Дзеля гэтага ён хацеў высяліць жыхароў з вёскі, бо зямла там была вельмі ўражайнай. Мясцовыя жыхары бараніліся каб не выяжджаць з вёскі і прасілі аб дапамозе губернатара з Мінска. Ён іх абараніў і не дазволіў высяляць жыхароў. Паколькі матэрыял на будову палаца ўжо быў прывезены, жонка Горвата, будучы каталічкай, пачала заступацца за мясцовых вернікаў і настойвала, каб з гэтага матэрыяла пабудавалі капліцу для каталікоў. Паставіла ў вёсцы крыж і дзякуючы сваім сувязям яна нават прывезла біскупа, які паблагаславіў тэрыторыю пад будову капліцы. Аднак у 1917 годзе распачалася рэвалюцыя і матэрыял скралі. Праз увесь той час людзі маліліся па дамах, на могілках, а таксама за ракою пад лесам, дзе быў пастаўлены крыж як знак Божай Міласэрнасці. Там яны маглі спакойна маліцца нават у камуністычныя часы. Калі пераследавалі за веру маліліся ў дамах пры закрытых дзвярах завешваючы вокны.
У Нароўлі 29 сакавіка 1859 года была асвечана прыгожая капліца пад тытулам Звеставання Пана і прыналежала сям’і Горватаў, уладальніку Нароўлі. У кожную нядзелю прыяжджаў туды ксёндз дэкан з Мазыра каб цэлебраваць Святую Імшу і займацца душпастырствам. Падчас ІІ сусветнай вайны капліца была зруйнавана.
У пасляваенны час толькі ў 1952 годзе вернікаў наведаў кс. Мечыслаў Малыніч з Бабруйска.
У 70-я гады вернікі часцей сталі ездзіць да касцёлаў за 300 км на адну Святую Імшу. Людзі ездзілі на Імшу ў Пінск, Кіеў і Жытомір. Там хрысцілі сваіх дзяцей і прымалі іншыя сакрамэнты. Толькі час ад часу ў вёску прыяжджаў святар з Украіны ці з іншых мясцін Беларусі.
Актывістка тых часоў, св.п. Таццяна Маскаленка, у хаце якой патаемна праводзіліся набажэнствы і іншыя малітвы, у сваіх нататках успамінае: “Мяне з дзяцінства вучылі верыць і маліцца Богу. Касцёла ў нашай вёсцы не было, як і не было ва ўсёй вобласці. На малітвы збіраліся ў хаце, але і гэта забаранялася. Некаторых за гэта судзілі і штрафавалі. Зрэдку прыяжджаў ксёндз, імша адпраўлялася патаемна, пры завешаных вокнах і зачыненых дзвярах. Некалькі разоў на год ездзілі ў касцёлы, што дзейнічалі – у Пінск, Жытомір, або Кіеў. Каб паўдзельнічаць толькі ў адной Імшы, часта трэба было правесці два дні ў дарозе і дзве ночы на вакзале. Улетку вяскоўцы ў нядзельныя дні збіраліся ў лесе каля крыжа, і там, дзе ніхто не чуў, смела спявалі пабожныя спевы, вярталіся адтуль радасныя, сэрцы былі поўныя Богам”.
У 80-я пачалі хадатайнічаць і пісаць просьбы ў вобласць і вышэй, каб дазволілі прыжджаць святару ў вёску, аднак пасля такіх пісем прыяжджалі мясцовыя ўлады і шукалі аўтара пісем. Каралі тых, каго злавілі на малттве ў доме. Ксянзы прыяжджалі тайна і рэгулярна.
26 красавіка 1986 года чарговае выпрабаванне сустрэла мясцовых жыхараў – аварыя на Чарнобыльскай АЭС усяго ў 40 км ад вёскі. Многія суседнія вёскі былі выселеныя. Шмат хто з’ехаў і з Грушаўкі і з Нароўлі.
У 1986 годзе ў Грушаўку прыехаў кс. Аляксандр Мілеўскі з Жытоміра, а ў 1988 г – кс. Рышард Юнік з Рубяжэвіч, які 5 дзён маліўся з людзьмі ў Грушаўцы і ўдзяляў сакрамэнты.
Людзі пачалі спрабаваць зарэестраваць парафію і 25 снежня на Божае Нараджэнне 1989 года зарэгістравалі каталіцкую парафію ў Грушаўцы. Пачалі дабівацца месца дзе маліцца, атрымалі медыцынскі пункт, там зрабілі капліцу, куды часта прыяжджалі ксяндзы з Украіны.
17 чэрвеня 1990 года ў вёску пачаў прыяжджаць кс. Юзаф Дзеконьскі з Мазыра, які абслугоўваў у той час 6 раёнаў.
Затым прыехаў і заняўся душпастырствам у Грушаўцы і ў Нароўлі кс. Станіслаў Салата.
У Нароўлі 12 верасня 1991 года ужо як зарэестраваная супольнасць вернікаў атрымалі былы будынак міліцыі, дзе змяшчалася былая вязніца і пашпартны стол. 14 верасня гэтага ж года быў благаслаўлены крыж і пастаўлены на прыкасцельнай тэрыторыі.
Аднак вернікі Грушаўкі хацелі пабудаваць касцёл. Звярталіся з просьбай да кардынала Казіміра Свёнтка, які не дазваляў кажучы, што: “парафіяне старэйшага ўзросту хутка адыдуць у вечнасць, таму дастаткова вам гэтай капліцы”. Людзе не стамляліся прасіць і ў адной з проосьбаў напісалі: “Дарагі наш арцыпастыр, мы пажылыя, у нас ніколі не было касцёла, мы хаваліся па дамах, па могілка, па лясах – каб памаліцца, а цяпер калі ёсць магчымасць пабудаваць свой касцёл мы хочам гэта зрабіць, каб прынамсі адну святую Імшу перажыць у сваім касцёле”. Тады кардынал згадзіўся і даручыў кс. Станіславу Салата паралельна з будовай касцёла ў Нароўлі, будаваць касцёл у Грушаўцы.
У 1994 годзе пачалі будову касцёла ў Нароўлі. Паралельна трывала будова касцёла ў Грушаўцы.
У верасні 1998 года кардынал Казімір Свёнтак кансэкраваў касцёл Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.
Расклад Імшаў
у нядзелю – 11:00;
у святы і ўрачыстасці ў будні – 19:00;
у будні – 9:00 (панядзелак, серада, субота), 18:30 (аўторак, чацвер, пятніца).