Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Вернікі Пінскай дыяцэзіі на Сусветных днях моладзі ў Рыме

З 28 ліпеня па 8 жніўня група маладых вернікаў з Пінскай дыяцэзіі брала ўдзел у Сусветных днях моладзі, якія адбываліся ў Рыме.

Пілігрымка моладзі была прымеркавана да Юбілейнага года ў Паўсюдным Касцёле і Сусветнай сустрэчы моладзі, што зрабіла яе яшчэ больш значнай. Дадатковай нагодай было святкаванне стагоддзя з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі. Вернікі юбілейнай дыяцэзіі адчувалі сябе сапраўднымі пілігрымамі надзеі, згодна з заклікам Святога Айца, каб данесці кожнаму чалавеку святло веры і хрысціянскага аптымізму.
Удзельнікі пілігрымкі паходзілі ў большасці з гомельскага рэгіёна Пінскай дыяцэзіі. Разам з імі ў паломніцтве былі святары з гэтага рэгіёна на чале з ксяндзом Аляксандрам Канановічам, пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Маладыя вернікі змаглі не толькі наведаць юбілейныя святыні Рыма, але і стаць часткай вялікай сям'і Касцёла сабранай з усяго свету. Сумесныя малітвы, катэхезы і культурныя мерапрыемствы стварылі атмасферу братэрства і адзінства, умацоўваючы надзею на лепшую будучыню.

Натхняльныя словы Папы Льва XIV, які суправаджаў сустрэчу моладзі і сумесныя малітвы, дапамагалі паломнікам усвядоміць важнасць надзеі ў жыцці чалавека. Яна як маяк у цемры, сіла, якая дазваляе нам рухацца наперад, нават калі бывае цяжка. Па словах удзельнікаў, сустрэча ў Рыме і сумесная малітва са Святым Айцом стала для іх сапраўдным духоўным імпульсам і напоўніла сэрцы непахіснай надзеяй.

Маладыя людзі адзначаюць, што менавіта ў Рыме – Апостальскай Сталіцы са шматлікімі хрысціянскімі святынямі - яны адчулі моц веры і блізкасць Бога, яшчэ раз усвядомілі, што з дапамогай Божай ласкі нават самыя вялікія жыццёвыя выклікі можна паспяхова пераадолець. Гэтае паломніцтва яшчэ раз паказала важнасць духоўнага развіцця і стала натхнненнем да новых здзяйсненняў у веры і надзеі.

Юбілейная пілігрымка моладзі Пінскай дыяцэзіі ў Рым дала магчымасць вернікам пераасэнсаваць сваё жыццё, знайсці новыя сэнсы і натхненне для будучыні. Маладыя паломнікі Пінскай дыяцэзіі вярнуліся дадому з багатым духоўным досведам і напоўненыя надзеяй, гатовыя дзяліцца святлом веры і хрысціянскім аптымізмам з кожным, каго Бог паставіць на іх жыцёвым шляху.


Фота удзельнікаў пілігрымкі