Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Юбілейны фэст Каралевы Палесся адбыўся ў Лагішыне

8-9 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Лагішыне адбыўся традыцыйны жнівеньскі фэст Каралевы Палесся.

Асаблівымі ўдзельнікамі ўрачыстасці сталі сотні пешых пілігрымаў, якія на працягу чатырох дзён крочылі з Баранавічаў і Бярозы, каб перад цудоўнай выявай Лагішынскай Панны даверыць Богу свае радасці і надзеі.
Мясцовыя парафіяне і вернікі з розных старонак Пінскай дыяцэзіі збіраліся ў санктуарый на працягу ўсяго дня 8 жніўня, каб акунуцца ў асаблівую духоўную атмасферу ціхай малітвы перад цудоўным вобразам Маці Божай Лагішынскай. Вячэрнюю цішу мястэчка ўскалыхнулі натхнёныя спевы і гарачыя сэрцы соцен пешых пілігрымаў, якія прайшлі доўгі шлях паломніцтва – рэкалецый у дарозе да Найсвяцейшай Панны. На парозе святыні іх вітаў і благаслаўляў кусташ санктуарыя ксёндз Андрэй Шут.

Урачыстую святую Імшу з удзелам пілігрымаў увечары першага дня чування ў санктуарыі узначаліў Біскуп Казімір Велікаселец. Гамілію прамовіў ксёндз Вікенцій Сяўрук, дэкан Навамышскі і пробашч парафій у Палонцы, Ішкалдзі і Юшкавічах. Святар адзначыў асаблівую ролю Багародзіцы ў Яе малітоўным пасрэдніцтве ў патрэбах вернікаў, якія клічуць Божай апекі і міласэрнай ласкі.

Асаблівым працягам супольнага чування ў санктуарыі Лагішынскай Пані стала малітоўная працэсія са свечкамі і копіяй цудоўнай выявы Каралевы Палесся вакол касцёла.

Завяршыўся першы дзень фэсту канцэртам рэлігійных песень у мясцовым Доме культуры. А ў санктуарыі цэлую ноч няспынна трывала ціхае малітоўнае чуваннне перад цудоўным абразом Маці Божай Лагішынскай.

Урачыстую святую Імшу на другі дзень фэсту 9 жніўня ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пастыр дыяцэзіі нагадаў сабраным вернікам і ўсім пілігрымам пра магчымасць атрымання асаблівых адпустаў у гэтым месцы. Бо лагішынскі касцёл-санктуарый на ўвесь Юбілейны год, які цяпер трывае ў Паўсюдным Касцёле, аб’яўлены юбілейнай святыняй, дзе кожны дзень вернікі могуць атрымліваць ласку адпусту для сябе, а таксама для памерлых, за якіх будуць маліцца і прымаць святую Камунію. Тэму дару Эўхарыстыі глыбока раскрыў падчас гаміліі ксёндз Ян Кучынскі, пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксаверыя.

На заканчэнне ўрачыстасці Біскуп Антоні Дзям’янка заахвоціў усіх сабраных быць паводле закліку Святога Айца пілігрымамі надзеі ў сучасным свеце. Іерарх нагадаў пра трываючы Юбілейны год у Паўсюдным Касцёле і багатае на падзеі святкаванне сотай гадавіны з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі.

Кусташ санктуарыя запрасіў вернікаў на наступныя традыцыйныя пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай, якія ў 2026 годзе плануюцца: з Пінска – 10 мая, з Баранавічаў і Бярозы – 4 жніўня. Фэст Маці Божай Каралевы Палесся ў 2026 г. адбудзецца 7-8 жніўня.