Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

200-годдзе касцёла адзначылі
ў Новай Мышы

16 жніўня ў в. Новая Мыш каля Баранавічаў адбылася ўрачыстасць з нагоды 200-ай гадавіны з даты пасвячэння мясцовага парафіяльнага касцёла Перамянення Пана.

Фэст узначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
На пачатку святкавання паводле народнай традыцыі прадстаўнікі парафіі прывіталі хлебам-соллю на парозе святыні Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку і Дапаможнага Біскупа Андрэя Зноску. З прывітальным словам да сабраных шматлікіх вернікаў і святароў, якія прыбылі на фэст з розных старонак Пінскай дыяцэзіі, звярнуўся пробашч навамышскай парафіі Перамянення Пана ксёндз Алег Сількевіч, які ўзгадаў слаўную і багатую гісторыю Касцёла ў гэтым старадаўнім мястэчку.

Цяперашняя святыня, кансэкраваная ў 1825 г., з’яўляецца ўжо трэцім касцёлам узнесеным на гэтым месцы на працягу шматвяковай гісторыі Новай Мышы. За апошнія 200 гадоў духоўнага жыцця мясцовая парафія мае чым ганарыцца і за што дзякаваць Богу. Прыгожа адноўленая і ззяючая старадаўнімі абразамі ды алтарамі святыня з’яўляецца яскравым пацвярджэннем глыбокай спадчыны і моцы духа мясцовай парафіі.

На асаблівае значэнне святыні як месца непаўторнага спаткання чалавека з Богам звярнуў увагу Біскуп Андрэй Зноска, які прамовіў казанне падчас урачыстай святой Імшы.

Пасля заканчэння літургіі ў велічным гістарычным касцёле святкаванне ўжо ў іншым фармаце перамясцілася на цэнтральную плошчу мястэчка, дзе багатая канцэртная праграма і народныя гулянні ўпрыгожылі свята ў Новай Мышы.