Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

У Баранавічах адзначылі
стогадовы юбілей
найстарэйшага касцёла

14 верасня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах урачыста адзначылі 100-годдзе з даты пасвячэння гэтай найстарэйшай у горадзе святыні. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Перад пачаткам урачыстай літургіі вернікі мясцовай парафіі прывіталі Біскупа Пінскага каля брамы касцёла з традыцыйнымі хлебам-соллю. Пастыр дыяцэзіі са свайго боку паблагаславіў усіх сабраных.

З прывітальным словам да вернікаў і гасцей урачыстасці звярнуўся пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах – ксёндз Валянцін Новак. Святар назваў знакавыя этапы гісторыі мясцовай супольнасці вернікаў і юбілейнага касцёла. Між іншым, ксёндз Валянцін узгадаў, што парафія была заснавана ў 1911 г. разам з узнікненнем і развіццём горада, а касцёл у 1925 годзе быў пасвечаны першым біскупам Пінскай дыяцэзіі – Слугой Божым Зыгмунтам Лазінскім. Таксама святар нагадаў, што пры гэтым касцёле прайшлі маладыя гады, фармавалася вера і пакліканне да святарства першага беларускага кардынала – Казіміра Свёнтэка.

Гамілію падчас святой Імшы да сабраных прамовіў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка. Святар нагадаў пра гісторыю свята Узвышэння Святога Крыжа, а таксама пра значэнне таямніцы Хрыстовага Крыжа на шляху духоўнага ўзрастання вернікаў.

Пасля заканчэння літургіі пробашч парафіі скіраваў асаблівыя словы ўдзячнасці прысутным на святкаванні былым душпастырам мясцовых вернікаў, якія клапаціліся таксама пра захванне найстарэйшага баранавіцкага касцёла. Гэта Біскуп Казімір Велікаселец, які цяпер служыць у Гомелі. А таксама ксёндз прэлат Антоні Гэй, які цяпер з’яўляецца пробашчам парафіі святога Юзафа ў Брэсце. Ксёндз Валянцін Новак успомніў таксама іншых святароў, якія служылі ў мясцовай парафіі: ксёндз Тадэвуш Волас SCI, ксёндз Юзаф Дзяконскі. Словы ўдзячнасці за шматгадовае ахвярнае служэнне ў юбілейным касцёле пробашч парафіі скіраваў сёстрам дамініканкам, а таксама прыгадаў плённае служэнне тут у мінулым сясцёр місіянерак Святой Сям’і. 

Прывітальны адрас ад імя ўладаў горада з нагоды юбілею касцёла скіраваў да сабраных прысутны на святкаванні намеснік старшыні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Шчарбакоў Вадзім Юсефавіч. 


З падзякай за клопат пра касцёл звярнуўся да мясцовых вернікаў Біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх прыгадаў імёны былых душпастыраў парафіі, якія адышлі ў вечнасць. Гэта ксёндз Станіслаў Рагоўскі, ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Пастыр Пінскай дыяцэзіі заахвоціў сабраных памаліцца аб вечным супакоі ў небе для памерлых душпастыраў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якія маліліся і служылі ў гэтай святыні. Таксама біскуп заахвоціў глядзець з надзеяй у будучыню і выхоўваць у веры маладое пакаленне.
Перад благаслаўленнем на заканчэнне літургіі Біскуп Антоні Дзям’янка запрасіў усіх вернікаў і гасцей урачыстасці да актыўнага ўдзелу ў малітоўных сустрэчах і падзеях, на якія шчодры Юбілейны год у Пінскай дыяцэзіі. Між іншым, іерарх запрасіў на святкаванне 30-годдзя пасвячэння касцёла Святога Міхала Арханёла ў Мазыры, якое адбудзецца 28 верасня, а таксама на кансэкрацыю касцёла Маці Божай Ружанцовай у Белаазёрску, якая адбудзецца 4 кастрычніка. А ўся супольнасць вернікаў Пінскай дыяцэзіі збярэцца ў катэдральным касцёле ў Пінску 25 кастрычніка на цэнтральную юбілейную ўрачыстасць, якую ўзначаліць Папскі Пасланнік Кардынал Клаўдыё Гуджэроцці.

Пасля заканчэння святой Імшы ў касцёле, на тэрыторыі каля святыні адбылася супольная гасціна вернікаў і гасцей свята, для якіх была падрыхтавана забаўляльная праграма і конкурс на найлепшы юбілейны каравай.


фота - Марына Валасар