Пасля святой Імшы ў актавай зале каледжа былі абвешчаныя навуковыя даклады. Уступны даклад прамовіў ксёндз доктар Юрый Дрозд, выкладчык гэтай установы, які ў свой час быў дырэктарам каледжа. Ксёндз доктар запрасіў сабраных паглядзець на пройдзены шлях Пінскай дыяцэзіі з перспектывы біблійнага разумення часу, дзе сярод звычайнага бегу падзей Бог рэалізоўвае план збаўлення людзей.
З другім дакладам выступіла кандыдат гістарычных навук спадарыня Раіса Зянюк, якая таксама з’яўляецца выкладчыкам у Катэхетычным каледжы. З дапамогай архіўных фотаздымкаў яна наглядна паказала сабраным, чым жыла Пінская дыяцэзія ў мінулым, асабліва ў першыя дзесяцігоддзі пасля яе заснавання.
Яшчэ з адным дакладам да ўдзельнікаў сімпозіуму выступіў спадар Сяргей Верамееў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Дакладчык падрабязна распавёў пра спадчыну вернікаў грэка-каталіцкага абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі.