Пілігрымку ўзначаліў Дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Цэнтральным момантам пілігрымкі стаў удзел вернікаў 1 кастрычніка ў Генеральнай аўдыенцыі са Святым Айцом Львом XIV на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Перад пачаткам спаткання прадстаўнік Святога Пасаду перад сабранымі сотнямі тысяч пілігрымаў з розных краін свету прывітаў паломнікаў з Пінскай дыяцэзіі, зазначыўшы, што яны прыбылі на малітву з Папам у сотую гадавіну сваёй дыяцэзіі. Пасля агульнай малітвы пілігрымаў са Святым Айцом адбылася непасрэдная сустрэча з Пантыфікам кіраўніка групы паломнікаў з юбілейнай Пінскай дыяцэзіі Біскупа Андрэя Зноскі. Іерарх папрасіў благаслаўлення Папы для ўсёй Пінскай дыяцэзіі і запэўніў, што ўсе вернікі нашага мясцовага Касцёла ахінаюць малітвай Яго Святасць. Знакам асаблівай увагі і пашаны Папы да вернікаў Пінскай дыяцэзіі стала прызначэнне яго Спецыяльнага Пасланніка кардынала Клаўдыё Гуджэроцці на галоўныя ўрачыстасці ў рамках святкавання сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі, якія адбудуцца 25 кастрычніка ў Пінску і 26 кастрычніка ў Брэсце.