Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

ДЗЕНЬ БЕДНЫХ

12 кастрычніка манаская супольнасць сясцёр місіянерак Святой Сям'і разам з парафіянамі санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адзначылі IX Сусветны Дзень бедных.
Па традыцыі святкаванне распачалося супольнай малітвай святой Імшы, перад якой прысутныя азнаёміліся з Пасланнем Папы Льва ХІV на IX Сусветны Дзень бедных.
"Самая цяжкая форма беднасці - не ведаць Бога. Як пісаў Папа Францішак у Апостальскім настаўленні "Evangelii Gaudium»: "самая цяжкая форма дыскрымінацыі, ад якой пакутуюць бедныя, — гэта адсутнасць духоўнага клопату. Пераважная большасць бедных асабліва адкрыта веры; яны маюць патрэбу ў Богу, і мы не павінны губляць магчымасць прапанаваць ім Яго сяброўства, Яго благслаўленне, Яго Слова, здзяйсненне сакрамэнтаў і шлях росту і сталасці ў веры» (№ 2000)."
"Усім нам патрэбна любоў тут і цяпер. Любоў - гэта не проста абяцанне; гэта рэальнасць гэтай хвіліны, якую трэба прыняць з радасцю і адказнасцю. Любоў залучае нас і накіроўвае нашы рашэнні да агульнага дабра."                     

"Бедныя ... нашы умілаваныя браты і сёстры, бо сваім жыццём, словам і мудрасцю яны знаёмяць нас з ісцінай Евангелля. Святкаванне Сусветнага дня бедных заклікана нагадаць нашым супольнасцям, што бедныя знаходзяцца ў цэнтры ўсёй нашай пастырскай дзейнасці. Гэта тычыцца не толькі дабрачыннай дзейнасці Касцёла, але і паслання, якое яна праслаўляе і абвяшчае. Бог узяў на сябе іх беднасць, каб ўзбагаціць нас праз іх галасы, іх гісторыі і іх твары." 

Святую Імшу ў інтэнцыі бедных, самотных і беспрацоўных цэлебраваў пробашч парафіі а. Конрад Патыка SVD.

Пасля сумеснай малітвы быў наладжаны пачастунак для патрабуючых і гасцей пад вясёлыя спевы народнага ансамбля з аг. Мірны.

Спадзяемся, што гэты благаслаўлёны час, праведзены разам, усмешкі і прыязныя позіркі падтрымаюць годнасць гэтых самых слабых, часта зусім выключаных з грамадства, людзей і дапамогуць ім распачаць нанова, не губляючы надзеі, так патрэбнай кожнаму чалавеку.


Тэкст: с. Лена Міхалковіч MSF

Фота бр. Карнелій Консек SVD