Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

35-годдзе адраджэння каталіцкай парафіі адзначылі ў Нароўлі

У суботу, 18 кастрычніка, парафіяльная супольнасць у Нароўлі шчыра вітала дастойных гасцей, якія прыбылі на святкаванне 35-годдзя адраджэння мясцовай парафіі.
Пробашч парафіі ксёндз Януш Чарнамораў прывітаў гасцей і ўзгадаў шэраг цудоўных прычын для сумеснай сустрэчы ў нараўлянскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Сярод іх 35-годдзе адраджэння каталіцкай парафіі ў Нароўлі, абрад удзялення сакрамэнту канфірмацыі і сумесная малітва з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Парафіяне хлебам-соллю віталі арцыбіскупа Тадэвуша ў браме касцёла. Затым перад распачаццем святой Імшы парафіяне прадставілі цікавую гісторыю каталікоў нараўляншчыны. Вернікі вельмі ўдзячны арцыбіскупу Тадэвушу! Ён будучы першым і адзіным ў тыя часы каталіцкім біскупам Беларусі, адклікнуўся на просьбы вернікаў нараўляншчыны і знайшоў святара, які стаў рэгулярна даяжджаць у Грушаўку і Нароўлю, а затым прызначыў першага пробашча айца Станіслава Салату, які пасяліўся ў Грушаўцы і займаўся будаўніцтвам касцёлаў у Грушаўцы і Нароўлі. Прысутнасць арцыбіскупа ў такі асаблівы дзень для нараўлянскіх вернікаў стала нагодай для радасных успамінаў, сумеснай малітвы і знакам Божай апекі над сваім Касцёлам.
На прыканцы святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш благаславіў новы абраз "Апошняй Вячэры", які быў напісаны па дрэве пігментамі на яечнай эмульсіі і змешчаны ў галоўны алтар.

Ад імя старшыні Нараўлянскага райвыканкама з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася яго першы намеснік Альховік Марына Аляксееўна.

Падчас урачыстай Літургіі вернікі дзякавалі Богу за жыццё і веру, за Касцёл, які адкрыты для ўсіх, за парафіяльную супольнасць, а таксама маліліся аб Божым благаслаўленні на далейшыя гады парафіяльнай дзейнасці.