Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Кардынал Гуджэроцці ўзначаліў святкаванне юбілею
Пінскай дыяцэзіі

25 кастрычніка ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Святую Імшу падзякі Пану Богу ўзначаліў Спецыяльны Пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў у Ватыкане.
Святкаванне распачалося а 11.00 гадзіне ўрачыстым унясеннем рэліквій святога Андрэя Баболі – Нябеснага Апекуна дыяцэзіі - у Пінскую катэдру і набажэнствам сабраных вернікаў з просьбай да Бога аб неабходных ласках праз заступніцтва гэтага вялікага святога беларускай зямлі.
А 12.00 гадзіне шматлікія сабраныя вернікі віталі ў базыліцы Спецыяльнага Пасланніка Папы. На парозе катэдры Кардынала Гуджэроці вітаў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка разам з сям’ёй мясцовых вернікаў. Маладая сужэнская пара прывітала Пасланніка Святога Айца традыцыйным беларускім хлебам-соллю, а дзеткі звярнуліся да Кардынала з вершаванымі словамі вітання.
У Пінскай катэдры Кардынал Гуджэроці ўзначаліў святую Імшу падзякі Пану Богу за сто год дыяцэзіі. Разам з Яго Эмінэнцыяй святую Эўхарыстыю цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа, а таксама ўсе біскупы Беларусі, шматлікія святары.
Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка на пачатку святой Імшы зачытаў усім сабраным Спецыяльны ліст Папы Льва XIV да Кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, у якім Святы Айцец адзначыў вялікую ролю ўнесеную Пінскай дыцэзіяй у спадчыну Касцёла і духоўнае жыццё Беларусі, а таксама распавёў пра прызначэнне Кардынала Спецыяльным Пасланнікам на юбілей сотай гадавіны гэтай дыяцэзіі.
Сам Спецыяльны Пасланнік Пантыфіка, звяртаючыся да вернікаў, якія перапаўнялі катэдральную базыліку і ўсю плошчу перад катэдрай, заахвоціў іх цаніць той скарб веры і захвання хрысціянскіх каштоўнасцей, якія перадалі цяперашняму пакаленню нашыя продкі. Кардынал узгадаў прыклад стойкасці ў веры, вернасці Богу вялікіх мужоў Касцёла на Беларусі: святога Андрэя Баболі, благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, кардынала Казіміра Свёнтка.
На заканчэнне святой Імшы з віншавальнымі словамі да сабраных звярнуліся: Епіскап Пінскай і Лунінецкай Праваслаўнай епархіі Яго Праасвяшчэнства Георгій, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей А. А. Румак, кіраўнікі мясцовых органаў улады і іншыя асобы.
Пасля завяршэння супольнай малітвы на падворку катэдральнага касцёла і комплекса курыі Пінскай дыяцэзіі адбылася музычная праграма і пачастунак для ўсіх удзельнікаў урачыстасці. А ў самой базыліцы адбыўся цудоўны канцэрт арганнай музыкі. Многія ўдзельнікі свята адзначылі, што яшчэ адным вымоўным знакам Божага благаслаўлення для сабрахы на ўрачыстасць вернікаў стала тое, што нягледзячы на прагноз на асенняе дажджлівае надвор’е, у часе малітвы і святкавання юбілею дыяцэзіі над Пінскам моцна зазяла яркае сонца.

Фота - Аляксандра Шчаглінская

Марына Валасар